Прывіваць цікавасць да вывучэння роднай мовы і літаратуры, да вывучэння роднага краю, яго звычаяў і абрадаў настаўнікі беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва» імкнуцца не толькі на сваіх уроках, але і ў пазакласнай дзейнасці.
Так, у суботу, 18 лютага, для вучняў 5-6 класаў прайшла квэст-гульня «Беларуская скарбонка». Форма правядзення пазакласнага мерапрыемства была абрана невыпадкова: выкананне заданняў вучнямі ў розных кабінетах школы дазваляе аб’яднаць школьнікаў адразу некалькіх паралеляў, а элемент спаборніцтва надае такой гульні дынамізм і жаданне быць першымі, быць пераможцамі.
У 12 гадзін дня ў фае школы 9 каманд атрымалі маршрутныя лісты і пачалі выконваць заданні. Кожная каманда павінна была прайсці 8 прыпынкаў: «Лінгвістычны», «Літаратурны», «Краязнаўчы», «Этнаграфічны», «Святы і абрады», «Перакладчык», «Энцыклапедычны», «З рога ўсяго многа». На кожным прыпынку яны атрымлівалі цікавыя заданні, на выкананне якіх адводзілася 5 хвілін. За правільнае выкананне задання каманда атрымлівала літару і працягвала сваё падарожжа. Пасля таго, як каманды прайшлі ўсе станцыі і атрымалі літары, яны павінны былі вярнуцца ў фае і скласці слова з атрыманых літар.
Першымі справіліся вучні 6 «Д» класа, яны атрымалі 8 літар і склалі ключавое слова. На другім месцы апынулася каманда 5 «В» класа, а трэцяе месца падзялілі 6 «Б» і 6 «В» класы. Пераможцы атрымалі дыпломы і невялікія сувеніры, а ўсе разам — незабыўныя эмоцыі і... новыя веды ў сваю беларускую скарбонку.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
дзяржаўнай установы адукацыі
«Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва»
Бялясава Алена Аляксандровна