«Восеньскі кірмаш» стаў ужо традыцыйным святам, якое адзначаецца ў пачатку кастрычніка ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва».
Гэта калектыўна-творчая праца настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Дарослыя разумеюць, што арганізацыі пазашкольнай дзейнасці вучняў трэба надаваць асобае значэнне, а выхаванне нацыянальнай самасвядомасці і захаванне традыцый беларускага народа — адна з задач нашай школы.
8 кастрычніка 2016 года а 10 гадзіне раніцы на школьным двары ўжо гучала вясёлая музыка, якая запрашала прыняць удзел у агульнашкольным мерапрыемстве. Па традыцыі, класныя калектывы афармлялі свае сталы «падарункамі» восені. Яблыкі, грушы, цыбуля, гуркі, бурачкі, мёд... Чаго толькі не было на сталах маленькіх гандляроў! Улічваючы надвор’е, бацькі нашых вучняў паклапаціліся і аб тым, каб яны мелі магчымасць пагрэцца гарачай гарбатай і паласавацца салодкімі пірагамі. Кожны клас абараняў свой стол, таму журы трэба было ацаніць не толькі афармленне, але і абарону «гандлёвага месца».
А які кірмаш без песень і танцаў? На пляцоўцы перад школай гучалі песні ў выкананні старшакласнікаў. Настаўнікі пачатковых класаў разам са сваімі вучнямі і іх бацькамі вадзілі традыцыйныя карагоды пад беларускія народныя песні, якія праспявала вучаніца 4 «А» класа Голубева Сафія, а флэш-моб дазволіў усім удзельнікам свята патанцаваць разам. Вядучыя праграмы запрашалі ўсіх школьнікаў праявіць свае творчыя і фізічныя здольнасці. Адгадванне загадак, чытанне вершаў пра восень, спартыўная эстафета — кожны меў магчымасць паказаць сябе.
Хутка праляцелі гадзіны, адведзеныя на свята, але вучні са сваімі бацькамі не спяшаліся разыходзіцца. Класныя кіраўнікі запрасілі іх у кабінеты, дзе дзеці мелі магчымасць пазнаёміцца з традыцыямі свята і паўдзельнічаць у конкурсах, якія падрыхтавалі для іх настаўнікі.
А.А. Бялясава,
кіраўнік МА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры
дзяржаўнай установы адукацыі
«Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва»