Сучасныя дзеці — гэта дзеці навукова-тэхнічнага прагрэсу, дзеці камп’ютараў, смартфонаў і іншай тэхнікі. Безумоўна, навукова-тэхнічны прагрэс — гэта вельмі добра. Але нічога не заменіць непасрэдных зносін з мастацкай кнігай.
Відавочна, што кнігі на рускай мове яшчэ чытаюць. Беларуская ж літаратура незаслугова забыта. Беларуская мова — мілагучная, напеўная крыніца, у якой адлюстроўваецца характар беларускага народа, яго працавітасць, талерантнасць, памяркоўнасць.
У дзяржаўнай установе адукацыі «Яслі-сад № 70 г. Магілёва» шмат увагі надаецца чытанню мастацкай літаратуры беларускіх аўтараў.
Менавіта дашкольны ўзрост з’яўляецца спрыяльным перыядам для засваення роднай мовы. На аснове мастацкіх твораў дапамагаем нашым выхаванцам вывучаць родную мову: знаёмім з жывым беларускім словам, з асаблівасцямі беларускай мовы, з асаблівасцямі граматычнага ладу, фарміруем уменне правільна вымаўляць спецыфічна беларускія гукі. Праводзім разам з дзецьмі гульні-драматызацыі, гульні-інсцэніроўкі па змесце мастацкіх твораў, завучваем на памяць вершы, спяваем песні.
І вынік не прымушае сябе доўга чакаць. Дзеці з цікавасцю размаўляюць на роднай мове, удзельнічаюць у беларускіх святах. Не засталіся ў баку і бацькі, яны сталі актыўнымі ўдзельнікамі конкурсаў, КВЗ, пачалі купляць і чытаць дзецям кнігі на роднай, матчынай мове.
Мы спадзяемся, што зерне любові да роднай мовы, пасеянае ў дзіцячым садзе, прарасце і дасць свае плады. І нашы выхаванцы будуць самастойна чытаць творы Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча і атрымліваць асалоду з непаўторнай крыніцы жывога беларускага слова.
Наталля Засімовіч,
выхавацель ДУА «Яслі-сад № 70 г.Магілёва»