69 гадоў над нашай Беларуссю мірнае неба... 69 гадоў над нашай краінай яркае сонца... 69 гадоў — гэта многа ці мала? Нельга адназначна адказаць на гэтае пытанне: для сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак — велізарны тэрмін, а для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — імгненне, якое аддзяляе іх ад тых страшных дзён...
9 мая — Дзень Перамогі — гэта не проста свята, гэта дзень, які аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў, розных краін, розных рэлігій у адным усеагульным жаданні сказаць словы ўдзячнасці і пакланіцца да зямлі ўсім тым, хто доўгія чатыры гады ішоў дарогамі праклятай вайны, хто цярпеў нястачы, хто страціў блізкіх і сяброў на палях Вялікай Айчыннай вайны, хто забываў пра сябе і штохвілінна, штосекундна набліжаў доўгачаканую ПЕРАМОГУ...
Мільёны з тых, каго апалілі гады вайны, не дажылі да вялікай і такой жаданай Перамогі... Але мы, хто жыве зараз, памятаем усіх! Памятаем тых, хто аддаў сваё жыццё на франтах вайны. Памятаем тых, чыё жыццё абарвалася ў канцэнтрацыйных лагерах і гета. Памятаем тых, хто пакінуў недаараным поле і пайшоў у беларускія лясы, каб пазбавіць фашыстаў і іх прыхвастняў спакою і сну... Памятаем тых, хто перажыў ваеннае ліхалецце, але не дажыў да нашых дзён... Памятаем і верым, што пакуль яны жывуць у нашых думках і нашых сэрцах, яны будуць бессмяротныя, як бессмяротны іх подзвіг, якія падарыў нам гэтае чароўнае свята — Дзень Перамогі!
Вось і вучні дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 28 г.Магілёва» напярэдадні свята Перамогі, канечне ж, не маглі застацца ў баку і прынялі актыўны ўдзел у гарадской акцыі «Кветкі для герояў Перамогі». А савет піянерскай дружыны прапанаваў правесці ў межах гэтай акцыі некалькі аперацый: «Магіла воіна свяшчэнная для Айчыны», «Ветэран жыве побач», «Мая кветка ветэрану», «Віншавальная паштоўка ветэрану».
Вучні школы сваімі рукамі зрабілі франтавыя лісты-трохкутнікі, упрыгожыўшы іх россыпам кветак, тым самым паказваючы ветэранам, што гатовы захаваць і ўмацаваць мір на Зямлі. А потым разам са сваімі класнымі кіраўнікамі наведалі ветэранаў і тых, чыё дзяцінства прыйшлося на гады вайны, сказалі гэтым людзям дзякуй за іх ратны і працоўны подзвіг і павіншавалі з вялікім і дарагім для ўсіх нас Днём Перамогі.
На дзвярах пад’ездаў, у якіх жывуць ветэраны і ўдзельнікі вайны, дзеці расклеілі святочныя віншаванні, каб усе людзі, якія праходзяць міма, ведалі, што тут жыве чалавек, які перажыў вайну і падарыў нам права жыць і быць свабоднымі.
Вучні школы пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце прыбралі магілу малодшага сяржанта Уладзіміра Яфрэмава, які аддаў сваё жыццё ў мірныя дні, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. А 8 мая вучні школы прынеслі на магілу Уладзіміра Яфрэмава кветкі, якія былі сабраны падчас акцыі «Мая кветка ветэрану».
Напярэдадні Дня Перамогі вучні і педагогі школы заўсёды ўзгадваюць свайго вучня — героя Савецкага Саюза воіна-інтэрнацыяналіста Андрэя Мельнікава, чыё імя носіць піянерская дружына дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 28 г.Магілёва». Кветкі і словы ўдзячнасці кожную вясну прыносяць на магілу героя вучні школы, таму што пакуль памяць пра Андрэя і яго подзвіг жыве ў сэрцах людзей, жывы і ён сам.
У кожным класе прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі. У госці да дзяцей прыйшлі ў перадсвяточныя дні і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія расказалі пра ваенныя гады, пра выпрабаванні і пра бязмежную веру ў сваю краіну, якая і дапамагла ім перамагчы ў той бесчалавечнай вайне.
А адзінаццацікласнікі разам з настаўнікам беларускай мовы В.Ц.Астранковай і настаўнікам музыкі І.П.Кулініч падрыхтавалі музычна-літаратурную кампазіцыю «Магілёўшчына гераічная». Вершы і песні пра вайну выклікалі слёзы ў прысутных, слёзы болю за пакуты, якія перанеслі ў гады вайны магіляўчане, і слёзы радасці за свой горад, які, нягледзячы ні на што, адрадзіўся і расквітнеў! Ганаровым госцем школьнікаў стаў Яўген Сямёнавіч Буднікаў, член Кастрычніцкага раённага Савета ветэранаў. Яўген Сямёнавіч з задавальненнем паглядзеў прадстаўленне, падрыхтаванае дзецьмі, а напрыканцы вырашыў сам выступіць перад вучнямі школы і нават праспяваў некалькі песень ваенных часоў.
Сёння мы схіляем галаву, узгадваючы тых, хто аддаў сваё жыццё за жыццё пасляваенных пакаленняў. Мы памятаем Ваш несмяротны подзвіг, воіны Перамогі! Памятаем і свята верым, што ніколі больш наша мірнае блакітнае неба не закрые фашысцкі сцяг!
З днём Вялікай Перамогі!
Святлана Грынёва,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 28 г.Магілёва»