Рэспубліканская інтэрнэт-алімпіяда па вучэбных прадметах «Беларуская літаратура», «Руская літаратура», якая праводзілася Нацыянальным інстытутам адукацыі, сабрала каля 3,5 тысяч удзельнікаў з усёй Беларусі.
Праводзілася алімпіяда ў два этапы: дыстанцыйны (завочны) і вочны. Кожны этап уключаў у сябе па два туры. Пераможцамі першага дыстанцыйнага туру сталі 257 удзельнікаў, сярод якіх былі вучні ДУА «Сярэдняя школа № 45 г. Магілёва» Рыжыкава Аліна, Каўкова Паліна, Драбінка Карына. Па выніках другога туру дыстанцыйнага этапу былі адабраны лепшыя 30 удзельнікаў, 22 з якіх прынялі ўдзел у вочным этапе Рэспубліканскай інтэрнэт-алімпіяды. Рыжыкава Аліна, вучаніца 11 «А» класа, паспяхова выступіла ў другім туры дыстанцыйнага этапу і стала ўдзельніцай вочнага этапу, які прадугледжваў стварэнне творчага праекта па прапанаванай тэме, абарона яго непасрэдна ў Нацыянальным інстытуце адукацыі і выкананне тэставых заданняў па прадметах «Беларуская літаратура», «Руская літаратура».
Паспяховае стварэнне творчага праекта, прысвечанага пісьменнікам-землякам, дало магчымасць Аліне атрымаць спецыяльны прыз ад арганізатараў інтэрнэт-алімпіяды. Дарэчы, гэты цэласны праект стане падарункам не толькі вучням нашай школы, а і ўсім тым, хто зацікаўлены мастацкім словам Магілёўшчыны. Акрамя гэтага, выдавецтва «Аверсэв», якое выступіла спонсарам мерапрыемства, падарыла ўсім удзельнікам алімпіяды і іх настаўнікам шматлікія вучэбныя дапаможнікі. Не засталіся ўбаку і рэдакцыі часопісаў «Маладосць» і «Бярозка»: яны прапанавалі вучням свае выданні.
Завяршылася Рэспубліканская інтэрнэт-алімпіяда ўрачыстым мерапрыемствам у гонар удзельнікаў і пераможцаў алімпіяды ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Перад удзельнікамі алімпіяды і настаўнікамі выступілі арганізатары алімпіяды Гюльнара Мансураўна Юсцінская, Раманоўская Людміла Анатольеўна, члены журы, галоўныя рэдактары часопісаў «Маладосць» і «Бярозка» Святлана Дзмітрыеўна Воцінава і Кацярына Вячаславаўна Захарэвіч«. Захапляючым падарункам стала для ўдзельнікаў урачыстых мерапрыемстваў наведванне выставачнай залы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, дзе былі прадстаўлены дзіцячыя мастацкія праекты «Спрадвечнае заўтра».
Лунькова Вольга Пятроўна,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Сярэдняя школа № 45 г. Магілёва»