Перамога прывезена са сталіцы!

Перамога прывезена са сталіцы!27 красавіка 2018 года ў тэатральнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскай інтэрнэт-алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская літаратура», «Руская літаратура».

Вучаніца 9 «Б» класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 33 г. Магілёва» Кузьмянкова Крысціна ўзнагароджана дыплом другой ступені за паспяховы ўдзел у вочным этапе інтэграванай інтэрнэт-алімпіяды, які адбыўся 26 красавіка ў Нацыянальным інстытуце адукацыі.

Курыравала дзейнасць алімпіяды Гюльнара Мансураўна Юстынская, начальнік упраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытута адукацыі, старшыня аргкамітэта. Інфармацыйная падтрымка прадстаўлена прэс-службай Міністэрства адукацыі РБ, выдавецкім домам «Звязда», рэдакцыяй выдавецтва «Настаўніцкая газета». Асвятленне працэсу алімпіяды, вынікі, віртуальны альбом будуць размешчаны на іх парталах, а таксама на партале Нацыянальнага інстытута адукацыі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні 9-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 1-2 курсаў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з розных рэгіёнаў рэспублікі. Да ўзнагароды зроблены працяглы шлях: два паспяховыя завочныя этапы з 19 лютага 2018 года! Арганізацыйным камітэтам на інтэрнэт-рэсурсе па суправаджэнні турніраў, алімпіяд, конкурсаў http://olimp.adu.by прынята звыш 3500 заявак на ўдзел у інтэрнэт-алімпіядзе. У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку правядзення Рэспубліканскай інтэрнэт-алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская літаратура», «Руская літаратура» пераможцамі II тура сталі толькі 24 удзельнікі. Сярод іх і наша вучаніца!
Выпрабаванне для Крысціны складанае, бо вучыцца яна толькі ў дзявятым класе, а заданні аднолькавыя для ўсіх удзельнікаў і выходзяць далёка за межы школьнай праграмы 9-11 класаў. Няпроста знайсці ідэю для творчага тэматычнага праекта, падрыхтаваць яго і прэзентаваць перад строгім журы. А сярод членаў журы першыя прадстаўнікі адукацыі нашай краіны: Сідарэнка Раіса Станіславаўна, намеснік міністра адукацыі РБ, кандыдат педагагічных навук; Гінчук Валянціна Васільеўна, намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі; Воцінава Святлана Дзмітрыеўна, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»; Кацярына Вячаславаўна Захарэвіч, галоўны рэдактар часопіса «Бярозка», выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і настаўнікі-метадысты мінскіх гімназій.

Дзякуючы пастаяннай сумленнай працы, неўтаймаванаму інтарэсу да мовы і літаратуры, Крысціна мае поспех у алімпіядным руху і даследчай дзейнасці па беларускай мове і літаратуры. Усім нам вядома, што Крысціна вучыцца на выдатна, на сцэне выступае цудоўна, удзельнічае ў розных гарадскіх мерапрыемствах!.. Мы віншуем Крысціну з чарговай перамогай і жадаем здароўя моцнага, інтарэсу, удач, якія, мы ўпэўнены, прывядуць да чарговых поспехаў у вучэбнай і творчай дзейнасці!

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Храбрая Н. М.

Перамога прывезена са сталіцы!

Перамога прывезена са сталіцы!

Перамога прывезена са сталіцы!

Перамога прывезена са сталіцы!