Беларуская мова з маленства

Кожны тыдзень у чацвер у дзяржаўнай установе адукацыі “Яслі-сад № 45 г. Магілёва” праводзіцца беларускамоўны дзень, у які выхавальнікі разам з бацькамі заахвочваюць выхаванцаў да беларускай мовы праз далучэнне дзяцей да каштоўнасцей нацыянальнай культуры.

Беларуская мова паступова ўводзіцца ў розныя віды дзейнасці, дзе развіваюцца першапачатковыя навыкі разумення мовы, уменні ўзнаўляць асобныя словы, кароткія забаўлянкі, песенькі. Так, у нерэгламентаванай дзейнасці, калі дзеці праслухоўваюць і абмяркоўваюць мастацкія творы “Курачка-Рабка”, “Каза-манюка”, “Пчала і муха” і інш., калі прымаюць удзел у беларускіх народных гульнях “Грушка”, “Вожык і муха”, “Надзейка”, калі разглядаюць ілюстрацыі да мастацкіх твораў, адбываецца неўсвядомленнае засваенне беларускай мовы.

Такім чынам, рэалізуецца абвешчаны у вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі прынцып культураадпаведнасці - ажыццяўленне нацыянальнай культурнай сацыялізацыі дзяцей і фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці.

Наталля Міхайлаўна Дзямідава,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад №45 г.Магілёва”