Што зараз чытаюць нашы падлеткі на роднай мове? Са школьнай праграмы згадваюцца «Міколка-паравоз» , «Палескія рабінзоны», «У краіне райскай птушкі».
Кнігі цудоўныя, але не самыя актуальныя. Сённяшнія падлеткі прагнуць чытаць пра сябе і свой час, пазнаваць у кніжных героях сяброў і знаёмых, перажываць такія ж, як і ў кнізе, узрушаныя пачуцці.
Таму менавіта напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы вучні 5 «Г» і 7 «Б» класаў адправіліся ў фантастычнае падарожжа па старонках сучаснай бела-рускай кнігі аўтараў Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак «Гімназія № 13».
На нейкі час вучні, як і героі аповесці, трапілі ў вельмі незвычайную сітуацыю: школа зачаравана, час тут спыніўся, а дапамогі і паратунку чакаць няма адкуль. Дзецям прыйшлося праявіць кемлівасць і ўменне дзейнічаць у камандзе. Спатрэбілася наладзіць стасункі з дамавымі (тут яны называюцца «кабінетнікамі»), прыгадаць звычкі дамавых, іх любімую ежу і тыя прыкметы, што з імі звязаны. Успомнілі ўсе вясковыя бабуліны забабоны: у хату заходзіш — на парог не наступай, калі нешта згубіш — скажы дамавіку: пагуляў і аддай. Вучням прыйшлося паказаць свае веды і па гісторыі роднага краю, каб сабраць нязвыклыя артэфакты і вырашыць тысячагадовую спрэчку Белых і Чорных язычніцкіх багоў. Адным словам, прыйшлося добра паламаць галаву, каб вярнуцца ў сучасны свет, да звыклых рэчаў.
Спадзяюся, што такое неверагоднае падарожжа ў чароўны свет міфаў і легенд роднага краю для нас не апошняе: наперадзе нас чакае яшчэ шмат адкрыццяў цудоўных беларускіх твораў, якія будуць захапляць нас не толькі сюжэтам, але і нашым матчыным чароўным словам.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Шэндзерава І.С.