Беларускі край вельмі песенны. Часам кажуць, што наша зямля спявае, звініць песнямі. Беларусы любяць і народныя песні, і песні, напісаныя прафесійнымі аўтарамі. У нашым доме спяваюць усе: і дзеці, і дарослыя, і мужчыны, і жанчыны, і аматары, і прафесіяналы. Песня-жыццё, жыццё-песня.
25 студзеня 2018 года ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №31 г. Магілёва” была праведзена літаратурна-музычная вечарына “І песню родную люблю я”. “Над ракою ў спакою расцвітала каліна…”, “ Ой, рэчанька, рэчанька, чаму ж ты не поўная?...”, “Каб любіць Беларусь нашу мілую…”, – гэтыя і многія іншыя песні краналі сваёй душэўнасцю і цеплынёй усіх удзельнікаў і наведвальнікаў мерапрыемства, якое было арганізавана настаўнікамі і вучнямі 6-х класаў і праведзена ў беларускамоўны чацвер, што традыцыйна адзначаецца ў нашай школе.
Пры падрыхтоўцы свята шасцікласнікі калектыўна распрацавалі сцэнарый вечарыны, абмеркавалі музычныя нумары, адказна рыхтавалі тэхнічнае забеспячэнне, дэманструючы зацікаўленасць, адказнасць, уменне працаваць у калектыве, трымаць дадзенае слова, жаданне па-сяброўску далучыцца да мастацтва песні, песні-музыкі, роднай, беларускай. Лёгкае хваляванне, радасць сустрэчы, напеўнасць беларускіх мелодый, жыццесцвярджальнасць – пачуцці, якія адчулі ўсе, хто наведаў літаратурна-музычную вечарыну.
Без песні цяжка ўявіць жыццё. Спадзяюся, што многія песенныя творы, якія гучалі 25 студзеня, стануць вядомымі і папулярнымі ў асяроддзі моладзі нашай школы, спрыяючы імкненню будучага пакалення стварыць жыццё, падобнае на песню. Стварыць жыццё-песню.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Петрачэнка В.С.