15 студзеня 1938 года пачала свой гістарычны шлях родная Магілёўшчына. З нагоды юбілею ў беларускамоўны чацвер вучні і настаўнікі дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва” наведалі выставу “Гісторыя Магілёўскай вобласці”, падрыхтаваную супрацоўнікамі бібліятэкі-філіяла № 4 імя М. Лермантава.
Для ўдзельнікаў сустрэчы было наладжана займальнае падарожжа па славутых мясцінах роднага краю. Асабліва цікавым стала знаёмства з гістарычнай і культурнай спадчынай самых буйных і старадаўніх гарадоў Магілёўшчыны. Бабруйская крэпасць пачатку XIXстагоддзя, Быхаўскі замак XVIIстагоддзя, Шклоўская ратуша, мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”, Свята-Мікольскі жаночы манастыр у Магілёве, Блакітная крыніца, або Сіні калодзеж, у Слаўгарадзе… Цікавым стаў і той факт, штоШклоўская ратуша нават унесена ў каталог помнікаў сусветнай архітэктуры, выдадзены ў ЗША.Таксама прыгадалі рабяты і сем цудаў Магілёўшчыны, сярод якіх – капліца каля вёскі Салтанаўка. Усе гэтыя архітэктурныя і гістарычныя помнікі Магілёўскай вобласці – гераічны і легендарны летапіс жыцця народа, пакінуты нам продкамі.
Таксама на працягу падарожжа гучалі мудрыя і светлыя развагі-цытаты пра беларускі народ, роднае слова, родную Магілёўшчыну.
Вось такой цікавай і незабыўнай стала сустрэча з Прыдняпроўскім краем.
З юбілеем, Магілёўшчына! Дзякуй за перакананасць велічна, з гонарам і годнасцю несці сваё высокае званне – людзі зямлі беларускай!
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Аллянкова Н.В.