На базе дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 40 г. Магілёва» адбыўся майстар-клас настаўніцы беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі Козыравай Л.А. «Эфектыўныя метады і прыёмы настаўніка-моваведа ў падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання».
Удзельнікамі майстар-класа сталі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Ленінскага раёна горада.
Людміла Аркадзьеўна не першы год займаецца падрыхтоўкай вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання. Яе выпускнікі паказваюць дастаткова высокія вынікі пры здачы ЦТ па беларускай мове. Таму падзяліцца з калегамі ёй было чым. Настаўніца расказала пра найбольш эфектыўныя метады і прыёмы, якія яна выкарыстоўвае як на ўроках, так і ў пазаўрочнай дзейнасці, прапанавала сістэму работы па паўтарэнні кожнага раздзела вучэбнага прадмета «Беларуская мова» ў 10-11 класах, пазнаёміла з дапаможнікамі, якімі яна карыстаецца пры падрыхтоўцы вучняў.
Педагогі на гэтым майстар-класе не былі простымі сузіральнікамі, а, падзяліўшыся на групы, прынялі актыўны ўдзел у выкананні практычных заданняў, прапанаваных Козыравай Л.А. Яны «апрабіравалі» метады і прыёмы падрыхтоўкі вучняў да ЦТ, распрацавалі тэставыя заданні па найбольш складаных тэмах арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы, выпрацавалі парады для вучняў пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.
Майстар-клас прайшоў на высокім метадычным узроўні. Пра яго карысць сведчыла і праведзеная рэфлексія. На зялёных лісточках, якія госці прымацавалі да «дрэва», былі словы падзякі, задавальнення і прапановы праводзіць і далей такую сумесную творчую работу.
Людміла Козырава,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры;
Наталля Цімафеенка,
кіраўнік МА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.