У беларускамоўны чацвер у дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 35 г.Магілёва» адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя выдавецкай справе Францыска Скарыны.
Вучні 5 А класа вырашылі пайсці ў краязнаўчы музей Магілёва, каб адшукаць спадчыну магілёўскіх паслядоўнікаў Скарыны — друкароў. Экскурсіі дзеці чакалі як свята. Яны хацелі даведацца, як раней стваралася самая першая кніга, якую кожны ўпершыню ў жыцці прачытаў самастойна.
Далёка не ўсе чытачы ведаюць, што падручнік з назвай «Буквар» выдаў магіляўчанін Спірыдон Багданавіч Собаль. Сёння пра яго гавораць як пра годнага паслядоўніка справы Скарыны. Да яго «Буквара» для навучання выкарыстоўвалі «лемантар» або «азбуку».
У адрозненне ад першадрукара Скарыны і іншых дзеячаў беларускага Адраджэння, С.Собаль шмат гадоў працаваў на радзіме — у друкарнях Куцеінскага і Буйніцкага манастыроў, а ў апошнія гады жыцця — у друкарні Магілёўскага Багаяўленскага брацтва.
С.Собаль стварыў друкарні ў Куцеінскім мужчынскім манастыры пад Оршай, у Буйнічах, у Магілёве. Менавіта ў Куцеінскай друкарні ў 1631 годзе ён выдаў свой «Буквар». Алфавіт тады складаўся з 44 літар. Да нас дайшоў толькі адзін экземпляр. Зараз ён знаходзіцца ў Маскоўскім гістарычным музеі, а ў Магілёўскім краязнаўчым музеі — толькі тытульны ліст «Буквара языка славенска» (выдадзены ў 1636 г. у Магілёўскай брацкай друкарні ў Буйнічах). Трэба сказаць, што і друкарскага станка ў краязнаўчым музеі да гэтага часу не было. Вучням нашай школы пашчасціла ўвачавідкі пабачыць яго. Хутка ён зойме пачэснае месца ў залах музея.
Яшчэ шмат адкрыццяў зрабілі для сябе вучні. Дзякуем табе за гэта, наш «Буквар»!
Аскірка Ірына Уладзіміраўна,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры