Вывучаем спадчыну Францыска Скарыны

У чацвер, 19 кастрычніка, вучні 9 «А» класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва» разам са сваім настаўнікам беларускай мовы і літаратуры правялі ўрок-падарожжа па часе і розных краінах свету «Спадчына Францыска Скарыны».

Пры гэтым школьнікі не толькі адправіліся ў далёкае XVI стагоддзе, дзе пазнаёміліся з прадметамі школьнага цыклу, якія вывучаў шкаляр Скарына. Дзевяцікласнікаў зацікавіў той факт, што ў школе Францыск Скарына вывучаў не толькі граматыку, арыфметыку і геаметрыю, але і рыторыку, і астраномію. Акрамя таго, вучні пазнаёміліся з Кракаўскім і Падуанскім універсітэтамі эпохі Адраджэння. «Даследчыкі» жыцця і дзейнасці беларускага першадрукара расказалі сваім аднакласнікам і пра асабістае жыццё асветніка, і пра выданні яго кніг.

А са старажытнага Полацка, з Вільні, Прагі вучні перанесліся ў сучасную Беларусь і іншыя краіны свету. Дзякуючы інтэрнет-праекту «Чытаем Скарыну на розных мовах свету», які праводзіла рэдакцыя газеты «Звязда», школьнікі мелі магчымасць паслухаць урывак з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі «Юдзіф» на беларускай і кітайскай мове. Пры гэтым самі яны зазначалі, што кнігі, выдадзеныя Францыскам Скарынам, захоўваюцца ў 50 краінах свету, сярод якіх Расія, Польша, Чэхія, Германія, што прадмовы Ф. Скарыны пераведзены на гэтыя і многія іншыя мовы.

Прадэманстравалі дзевяцікласнікі і сваё веданне ўрыўка з прадмовы да кнігі «Юдзіф» на памяць. Па-мастацку выразна і пераканаўча гучалі словы беларускага асветніка і гуманіста, якія не страцілі сайго выхаваўчага значэння і ў наш час.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
дзяржаўнай установы адукацыі
«Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва»
Алена Аляксандраўна Бялясава

Вывучаем спадчыну Францыска Скарыны

Вывучаем спадчыну Францыска Скарыны