Францыск Скарына — значны прадстаўнік беларускай культуры эпохі Адраджэння. Яго талент праяўляўся літаральна ва ўсім: беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном.
Чалавек выключна шырокай эрудыцыі сэнс сваёй працы бачыў у служэнні народу. Ён імкнуўся далучыць сваіх суайчыннікаў да здабыткаў агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі. Актыўная дзейнасць вялікага гуманіста паўплывала на ўзнікненне ў Вялікім княстве Літоўскім уласнай папяровай вытворчасці. Навукоўцы адзначаюць, што «ніводнае з кірылічных выданняў не мела такога багатага і дасканалага афармлення, як выданні Скарыны. На 1200 аркушах яго пражскіх кніжак змешчаны выявы з 49 гравюр, сотні заставак, канцовак, ініцыялаў. А яшчэ ён першым пачаў удала выкарыстоўваць графіку. Узровень гэтага мастацтва не маглі пераўзысці аж да сярэдзіны 18 стагоддзя». Адважны інтэлектуал імкнуўся найбольш эфектыўна данесці свае кнігі да шырокага чытача.
Разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, праходзяць як у Беларусі, так і за яе межамі. Напрыклад, у сталіцы Чэхіі адбыўся міжнародны сімпозіум «Францішак Скарына і Прага», дзе чэшскія, рускія, беларускія, літоўскія навукоўцы выказалі розныя гіпотэзы пра дзейнасць геніяльнага першадрукара. Беларускія суполкі, арганізацыі праводзяць турыстычныя вандроўкі «Па слядах Ф. Скарыны». Сёлета ў Празе ўсталявалі помнік нашаму земляку і заўсёды паказваюць вандроўнікам дом Скарыны, месца першай друкарні, сады, пасаджаныя Скарынам-батанікам. Па словах навукоўцаў і экскурсаводаў існуе яшчэ шмат загадак першадрукара. Мы не ведаем дакладных звестак пра яго сям’ю, быў ён ад пачатку праваслаўным або католікам, хто дапамагаў яму ў адукацыі і друкарскай справе, які сэнс зашыфраваны ў сімвалах на гравюрах Скарыны.
Мінулі стагоддзі, і мы пачынаем нанова адкрываць для сябе Скарыну, папулярызаваць скарынаўскую спадчыну. Але вядома ўсім, што праз друкарскі подзвіг Скрыны ўсходняе славянства дасягнула вышынь еўрапейскай культуры.
Грыгор’ева І.Я.,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 35 г. Магілёва