Такімі гордымі і годнымі словамі пачаўся першы ўрок у новым навучальным годзе для вучняў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва».
Цікавы і захапляльны ўрок-свята запрасіў рабят 8 «А» класа ў незвычайнае падарожжа па славутых мясцінах нашай краіны.
Архітэктурнай манументальнасцю і выкшталцонасцю здзівілі і ўразілі касцёл святых Сымона і Алены ў Мінску, Мірскі замак на Гродзеншчыне, памесце Козел-Паклеўскіх на Гомельшчыне, Свята-Мікольскі манастыр у Магілёве, Камянецкая вежа на Берасцейшчыне, Сафійскі сабор у горадзе Полацку на Віцебшыне.
Прыгадалі рабяты і сем цудаў Беларусі, якімі славіцца наша зямля: Радзівілаўскі Нясвіж, крыж Льва Сапегі, возера Нарач, Мінскі абраз Божай Маці, Полацкі Сафійскі сабор, паэму «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага, падводную лодку Казіміра Чарноўскага. Усе гэтыя дзівы пераконваюць зноў і зноў у неабходнасці смела, з гонарам і годнасцю несці сваё высокае званне — людзі зямлі беларускай.
Віктарына «Самы-самы па-беларуску» прымусіла рабят задумацца, каб адказаць на пытанні пра самае глыбокае возера, самую доўгую раку, самы стары горад і самую высокую кропку нашай краіны. Прыемна ўразіла і тое, што межы Беларусі нагадваюць сімвал нашай Радзімы — зубра.
Таксама на працягу ўрока-свята гучалі мудрыя і светлыя развагі-цытаты пра беларускі народ, роднае слова, мілую Бацькаўшчыну.
З задавальненнем падзяліліся рабяты новымі ведамі і яскравымі ўражаннямі, што набылі падчас летніх канікул, вандруючы па старонках любімых беларускіх твораў. Асабліва пранікнёна прадэкламавалі вучні вершы Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей» і Янкі Купалы «Не шукай ты шчасця, долі на чужым, далёкім полі», якія з’яўляюцца своеасаблівым падмуркам духоўнасці і патрыятызму кожнага сапраўднага сына адной вялікай сям’і — нашай Айчыны.
Вось так прайшоў у новым навучальным годзе першы ўрок, які стаў добрым ўрокам для свядомага ўяўлення аб багацці, прыгажосці і непаўторнасці нашай Айчыны — Беларусі.
Класны кіраўнік 8 «А» класа
Аллянкова Н.В.