Мова... Слова... Так важна і неабходна мець магчымасць з дапамогай роднага слова выказваць самыя патаемныя думкі ўласнай душы, адчуваючы бязмерную гордасць за матчыну мову, якая дадзена нам, беларусам, з калыскі, з першых крокаў па зямлі.
Як святыню, як неацэнны скарб, трэба берагчы беларускую мову, бо яна частка нацыянальнай культуры, падмурак духоўнасці, без якой немагчыма жыць цывілізаваным грамадзянам у цывілізаванай краіне.
«Гучы, роднае слова! Гучы, матчына мова!» — назва метадычнай гасцёўні, што сабрала педагагічны калектыў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва» 25 мая ва ўтульнай актавай зале.
Беларуская мова аб’яднала ўсіх: строгіх матэматыкаў і ўзнёслых лірыкаў, шчырых гісторыкаў і строгіх хімікаў, настаўнікаў пачатковых класаў і настаўнікаў фізкультуры...
Кожнае метадычнае аб’яднанне дарыла прысутным радасць ад свайго прафесійнага выступлення.
Беларускія песні, нацыянальныя танцы, інсцэніроўкі баек і п’ес, натхнёныя паэтычныя радкі, загадкі, прыказкі пра дабро і зло, пра сям’ю, пра працу, гістарычнае лато, віртуальнага падарожжа ў бібліятэку — усё гэта было ў рамках метадычнай гасцёўні.
Словы-чары, розум-развагі, пяшчота і ласка! Смак мовы.
А яшчэ смак спрадвечна беларускіх страў: дранікі, бліны, пірагі, бульба, агуркі і памідоры... Усяго хапала на стале гасцінных беларусаў.
Беларускае, роднае аб’яднала ўсіх. Еднасць, імкненне да таго, каб мілагучнасць і спеўнасць роднага слова захаваць — гэтым пранікся кожны ўдзельнік гасцёўні.
Будзе трывалы падмурак — будзе ўстойлівы будынак, які будзе стаяць стагоддзі, тысячагоддзі, будзе вечна непарушны.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Петрачэнка В.С.