135 гадоў таму ўзышлі на паэтычным небасхіле не толькі Беларусі, а і ўсяго свету дзве зоркі, імя якім Я. Купала і Я. Колас. Іх творчасць — гэта цэлы свет, багаты і дзівосны, непаўторны і бясконцы, як неба...
З нагоды юбілею знакамітых песняроў зямлі беларускай Я.Купалы і Я.Коласа вучні і настаўнікі дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва» сабраліся на агульнашкольны ўрок-свята «Пад небам Купалы і Коласа...»
Пачатак святочнай сустрэчы быў аздоблены пранікнёным і шчырым гучаннем песні «Мой родны кут» у выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры», што дазволіла не толькі ўявіць сакавітыя беларускія краявіды, апісаныя мастаком слова Я.Коласам у паэме «Новая зямля», але і адчуць іх непаўторны водар і сапраўдную гармонію.
Далей вучні-экскурсаводы запрасілі гасцей у незвычайнае віртуальнае падарожжа па Купалавых і Коласавых мясцінах. З жаданнем, цікавасцю і замілаваннем наведалі рабяты Вязынку і Яхімоўшчыну, Акопы і Ляўкі Я.Купалы, Акінчыцы і Ласток, Альбуць і Смольню Я.Коласа, бо гэтыя блізкія сэрцу краявіды сапраўды будзяць пачуццё павагі да роднай зямлі, да людзей і да самой прыроды.
Вучні-прамоўцы асабліва натхнёна, з гонарам і годнасцю дэкламавалі вершы Я.Купалы «Магутнае слова, ты, роднае слова!», «Маці і сын», «Бацькаўшчына», «Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея...», а таксама паэтычныя творы «Будзь цвёрды», «Родныя вобразы», «Асадзі назад», «Не бядуй» Я.Коласа.
Завітала на ўрок-свята і бібліятэкар школы Галіна Мікалаеўна Худалей, якая прапанавала ўвазе заўзятых чытачоў кніжную выставу «Для шчаслівай дзетвары». Асабліва зацікавілі рабят зборнікі вершаў Я.Купалы «Роднае слова», «Спадчына», а таксама кніга-факсіміле Я. Коласа «Другое чытанне для дзяцей беларусаў».
Таксама падчас свята прыемна ўражвалі крылатыя словы, выказванні і афарызмы непераўзыдзеных знаўцаў народнага беларускага слова Я.Купалы і Я.Коласа, якія сталі сапраўдным стымулам для роздуму пра асабістыя паводзіны ў жыцці.
Напрыканцы сустрэчы гуказапіс песні «Мая малітва» на словы Я.Купалы ў выкананні У.Мулявіна прымусіў усіх прысутных шчыра і сардэчна суперажываць за лёс Бацькаўшчыны.
Пад небам цеплыні і спагады ўдзельнікі і госці свята прайшлі жыццёвымі пуцявінамі Купалы і Коласа, адчулі глыбіню зместу і багацце сімволікі творчай спадчыны мастакоў слова, каб яшчэ і яшчэ раз пераканацца ў жыццёвай вартасці філасофскіх разваг, незвычайных дум і нечаканых выслоўяў слынных сыноў беларускага народа.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Н.В.Аллянкова