19 мая 2017 года на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 40 г. Магілёва» з мэтай павышэння прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, удасканалення арганізацыйна-метадычнай работы ў галіне папулярызацыі беларускай мовы адбыўся рэспубліканскі семінар «Падтрымка і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскай вобласці: асоба, адукацыя, грамадства».
У рабоце семінара прынялі ўдзел Булаўкіна І.У., галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь; Зелянко В.У., намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь; Акушэвіч А.А., метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі»; метадысты рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, раённых метадычных кабінетаў, якія курыруюць настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры; кіраўнікі метадычных аб’яднанняў беларускай мовы і літаратуры, настаўнікі-метадысты.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва Аўсеенка Р.В. пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з сістэмай работы ўстаноў адукацыі Ленінскага раёна г. Магілёва па папулярызацыі беларускай мовы, патрыятычным выхаванні, падтрымцы нацыянальных традыцый і народнай спадчыны.
З мэтай распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту была арганізавана тэматычная выстава. Матэрыялы з вопыту работы ўстаноў адукацыі па папулярызацыі беларускай мовы і пашырэнні сферы яе выкарыстання прадставілі педагогі раёна.
Семінар завяршыўся літаратурна-музычнай кампазіцыяй «Гучы, роднае слова!», падрыхтаванай сіламі ўстаноў адукацыі раёна.
Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, удзельнікі семінара далі высокую ацэнку праведзенаму мерапрыемству, адзначыўшы якасць і змястоўнасць прадстаўленых матэрыялаў, узровень арганізацыі мерапрыемства.
Вучэбна-метадычны кабінет