У апошні час узрастае актуальнасць выкарыстання беларускай мовы. З гэтай задачай даволі паспяхова спраўляюцца ў нашай установе.
Чацвер кожнага тыдня нашы супрацоўнікі размаўляюць на беларускай мове, далучаюць да актыўнага маўлення на роднай мове выхаванцаў, сочаць за правільным вымаўленнем, своечасова выпраўляюць памылкі.
У гэты чацвер музычныя кіраўнікі Суворава С.А., Палуян Л.С. разам з выхавацелямі старэйшых груп Ракуцінай Н.У., Рудэня І.М., Цецяруковай Н.В. падрыхтавалі і прадэманстравалі «Музычны кірмаш» з самымі сапраўднымі гандлярамі і пакупнікамі. Дзеці атрымалі магчымасць больш дасканала пазнаёміцца з народнымі промысламі беларусаў: вышыўкай, ганчарствам, ткацтвам, саломапляценнем, бліжэй разгледзелі вырабы з дрэва.
Выхаванцы старэйшых груп спявалі беларускія народныя песні, танцавалі, гулялі ў беларускія гульні: «Гарлачык», «Лапці», «Грушка», «Гусак», знаёміліся з традыцыямі беларускага народа. Для дзяцей малодшых груп падрыхтавалі інсцэніроўку казкі-забаўкі «Чаму ў Пеўніка кароткія штаны?».
Асноўнай задачай такой працы з’яўляецца фарміраванне ў дашкольнікаў беларускамоўных зносін з аднагодкамі і дарослымі, а таксама ўзбагачэнне актыўнага слоўнікавага запасу дзяцей.
Выхаванцы і дарослыя засталіся вельмі задаволеныя. Вось так весела і з карысцю праходзіць кожны чацвер у нашым дзіцячым садку.
Музычныя кіраўнікі
Суворава С.А., Палуян Л.С.