Беларуская мова – мелодыя сэрца

Беларуская мова – мелодыя сэрцаМы — беларусы. Жывём у слаўнай, прыгожай краіне, якая горда называецца — Беларусь. Яна ў нас адна. Самая родная. Самая блізкая. Самая жаданая.

Наша краіна адметная сваёй прыродай, гісторыяй, культурай, традыцыямі. А яшчэ — гасціннасцю. І канешне ж — мовай. Багатай і зразумелай, мілагучнай і спеўнай, празрыстай і звонкай.
На працягу года ў нашай школе вядзецца сістэматычная работа па папулярызацыі беларускай мовы. Гэта цікавыя агульнашкольныя мерапрыемствы, класныя гадзіны, інфармацыйныя ўрокі, разнастайныя акцыі...

На гэтым тыдні ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г.Магілёва» адбылася творчая сустрэча з паэткай Марынай Аляксандраўнай Сліўко, членам Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што беларуская мова — мова эліты, наша краса і наш гонар.

Марына Аляксандраўна прэзентавала вершаваны зборнік «Зорныя арэлі», які спалучыў у сабе і касмічныя фантазіі, і філасофскія думкі, і цыкл дзіцячых вершаў. Зборнік — своеасаблівы экскурс па таямніцах чалавечых мараў.

Дзесяцікласнікі з цікавасцю слухалі паэтычныя творы, асэнсоўваючы вялікую ролю паэзіі ў раскрыцці самых жаданых і яркіх пачуццяў чалавечай душы, захапляючыся мілагучнасцю роднага слова, яркасцю беларускай мовы.

Хлопцы і дзяўчаты пранікліся паэтычным настроем, які панаваў падчас творчай сустрэчы, задавалі пытанні: адкуль чэрпаецца творчае натхненне, як ствараюцца мастацкія вобразы, дзе выток душы, з якой ліецца мелодыя беларускай мовы, мелодыя сэрца?

Напрыканцы сустрэчы Марына Аляксандраўна падарыла кнігі з аўтографам самым актыўным старшакласнікам.

Мелодыя гучання матчынага слова напоўніла не толькі аўдыторыю, але і сэрцы юных беларусаў, акрыляючы іх, натхняючы на светлае, шчаслівае жыццё ў самай лепшай краіне на свеце — Беларусі.

Беларуская мова – мелодыя сэрца

Беларуская мова – мелодыя сэрца

Беларуская мова – мелодыя сэрца

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Петрачэнка Валянціна Сяргееўна