З куфара шчасце дастану

З куфара шчасце дастану4 мая 2017 года школьны музей матэрыяльнай і духоўнай культуры «Скарбы» гасцінна адчыніў дзверы вучням 6 «В» класа і запрасіў на інтэрактыў «З куфара шчасце дастану».

Усе таямніцы-загадкі свету жывуць у маляваным бабуліным куфэрку. Вось ён таіць у куце сялянскай хаты. Няўжо адчувае, што нам страшна парушыць бабуліну забарону і адамкнуць цудоўны сакрэт?
У беларускай народнай культуры куфар быў культавым, магічным аб’ектам. Кожная дзяўчынка, пачынаючы з 12 гадоў, збірала ў ім свой пасаг: тканыя і вышытыя ручнікі, бялізну, посцілкі, кашулі і іншыя элементы касцюма. Калі дзяўчына выходзіла замуж і пакідала бацькоўскі дом, разам з ёй везлі куфар на вясельным возе.
Кубельнікам загадвалі не згубіць «ні скрыні, ні пярыні, ні маладой гаспадыні». Жаніх павінны быў «выкупіць» куфар.

У пачатку ХХ стагоддзя сяляне сталі вырабляць куфары з прыгожай размалёўкай расліннага характару (кветкі, лісткі). Малюнкі наносілі ад рукі, часам з дапамогай трафарэтаў. Існуе два спосабы роспісу куфэркаў: цацкаванне і фляндраванне. На захадзе Віцебшчыны і на Гродзеншчыне было распаўсюджана «цацкаванне» — нанясенне ўзораў на афарбаваны куфар з дапамогай штампікаў з рэпы і бульбы. Самі куфары найчасцей рабілі з сасновых ці яловых дошак, ставілі на фігурныя ножкі.

Падчас мерапрыемства вучні дакрануліся да лепшых традыцый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прэзентавалі свае работы, творча адказвалі на пытанні віктарыны «Кола часу», напакавалі беларускі куфар патрэбнымі рэчамі, абмеркавалі спосабы роспісу куфэркаў і нават пасправалі размаляваць стылізаваныя куфры.

Кожны ўдзельнік мерапрыемства, развітваючыся з музеем, беражліва ўвабраў у скарбніцу сваёй душы лепшыя традыцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з дабром і гонарам перададзеныя нам у спадчыну.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Кустава Алена Сяргееўна

З куфара шчасце дастану

З куфара шчасце дастану

З куфара шчасце дастану

З куфара шчасце дастану