Экспедыцыя ў мінулае

Экспедыцыя ў мінулаеВывучаючы творчасць Я.Коласа і Я.Купалы, вучні прыйшлі да высновы, што калі б Канстанцін Міхайлавіч напісаў толькі адну паэму ,,Новая зямля“, а Янка Купала паэму ,,Магіла льва“, то і тады б іх назвалі класікамі беларускай літаратуры.

Каб лепш асэнсаваць змест гэтых прачытаных твораў, вучні 8 класа 27 красавіка, у чацвер, наладзілі ,,экспедыцыю ў мінулае“, але не на машыне часу. Школьнікі атрымалі шэраг заданняў аб беларускіх абрадах , тагачаснай сялянскай сядзібе, адзенні, прыладах працы і накіраваліся ў Магілёўскі этнаграфічны музей. Там яны наведалі дзве выставы. Адна з іх мела назву ,,Магілёў губернскі“, дзе школьнікі пазнаёміліся з гісторыяй Магілёва тых часоў, калі Купала і Колас наведвалі Магілёў, выступалі на сцэне драматычнага тэатра. На першым паверсе экскурсавод Клімуць Ж.Я. не толькі паведаміла пра абрады беларусаў, але і прапанавала самім паўдзельнічаць у сялянскім быце.
Увачавідкі васьмікласнікі пабачылі працэс стварэння палотнаў на ткацкім станку. Для дзяцей сталі адразу зразумелымі словы з паэмы:

На ніцях белай павуціны
Прывозяць восень павучкі.
Яе красёнцы ,чаўначкі
У моры лесу мільгатнулі
І лісце ў багру апранулі.

Многія старонкі паэмы ажылі перад вачамі чытачоў. Такія раздзелы, як ,,Падгляд пчол”, ,,Раніца ў нядзельку“ і іншыя цяпер няцяжка сабе ўявіць.

У музеі мы знайшлі пацверджанне словам Коласа: ,,Усё жыццё Купалы, увесь яго велізарны паэтычны талент цалкам былі аддадзены на служэнне народу. Янка Купала неаддзельны ад свайго народа, як неаддзельна рачная хваля ад ракі. У стыхіі народнага духу працякала ўсё жыццё Купалы і яго паэтычная творчасць. Мы з Купалам думалі з першых сваіх крокаў пра адно: каб як мацней народ на ногі стаў. Пра гэта і гаварылі і пісалі ж, вядома. Але падыходзілі да пісання кожны з іншага боку: што каму больш на вока ўпадала“. Гледзячы на экспанаты , школьнікі здзіўляліся таму, як таленавітыя людзі дасягалі вышынь майстэрства і дабрабыту.

Тут вучні пазнаёміліся з працай сейбіта, аратага, бортніка, рыбака. Пабачылі прылады працы нашых продкаў. Самі паспрабавалі сябе ў ролі майстроў. Думаю,што многія з іх у далейшым захочуць звязаць свой лёс з рамёствамі.

Аскірка Ірына Уладзіміраўна,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Экспедыцыя ў мінулае Экспедыцыя ў мінулае

Экспедыцыя ў мінулае