26 красавіка 2017 года па ўсёй Беларусі прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 31-й гадавіне аварыі на ЧАЭС. На жаль, наступствы страшнай трагедыі даюць аб сабе ведаць усе гэтыя гады, а гісторыя адкрывае ўсё новыя факты і лічбы.
Прырода — крыніца прыгажосці, наша карміцелька і лекарка. Яна адорвае свет разнастайнасцю фарбаў, дапамагае адчуць лепшае ў сабе, быць здаровымі і шчаслівымі. А чалавек?.. Чалавек часта прыносіць шкоду прыродзе, не разважаючы пра магчымыя наступствы. Для таго, каб не толькі любіць прыроду, але і ахоўваць яе, неабходна імкнуцца ведаць пра яе як мага больш. З гэтай нагоды ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва» для вучняў 6 класаў быў арганізаваны круглы стол «Зямля — наш агульны дом».
Падчас мерапрыемства былі прэзентаваны выступленні творчых груп. Першымі выступілі «эколагі», якія паведамілі, што праблемай зберажэння прыроды занепакоены вучоныя ўсяго свету, расказалі пра Чырвоную кнігу РБ і пра тыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў нашай краіне для захавання багацця флоры і фаўны. Цікава і займальна расказалі пра лекавыя расліны «біёлагі», бо ў прыродзе няма ніводнай расліны, якая не прыносіла б карысць. Нават пякучая крапіва і грыб мухамор з’яўляюцца лекавымі! Першую выкарыстоўваюць пры лячэнні гіпатаніі, бранхіяльнай астмы, а другі — лечыць жывел. Вялікую зацікаўленасць выклікала выступленне «творцаў». З вуснаў дзяцей пранікнена прагучалі песні-плачы і горкія споведзі, рэквіемы і малітвы славутых беларускіх паэтаў: «Перасцярога» Р. Барадуліна, «Цяпер асцерагайцеся» М. Танка, «Перасяленне» Г. Бураўкіна, «Землякам» М. Мятліцкага. Яркім момантам мерапрыемства стала прэзентацыя ўласных творчых работ вучняў, прысвечаных тэме выратавання прыроды.
Выступленне кожнай групы было своеасаблівым, непаўторным, запамінальным, аднак аб’яднаным агульнай думкай пра тое, што ад трывалай повязі з прыродай залежыць наша будучыня, бо жыццё чалавека не ўяўляецца без свайго нацыянальнага космасу: поля і жыта, траў і кветак, крыніц і рэк.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Шэндзерава І.С.