Новы тыдзень прывёў у госці да вучняў і настаўнікаў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 28 г. Магілёва» чарговы беларускамоўны чацвер.
Але на гэтым тыдні чацвер быў не зусім звычайным: у рэкрэацыі першага паверха кожны перапынак ператвараўся ў сапраўднае свята! На працягу дня вучні пачатковых класаў апынуліся спачатку ў моры паэзіі, потым перанесліся на хвалі музыкі, а напрыканцы навучальнага дня трапілі ў казку...
Пад гукі беларускай музыкі сустрэліся вучні школы з канкурсантамі — чытальнікамі беларускіх вершаў. Прадстаўнікі другіх класаў так прыгожа і выразна чыталі на памяць вершы на роднай мове, што гледачы дарылі кожнаму з іх шчырыя апладысменты. Пераможцай конкурсу стала вучаніца 2 «А» класа Старавойтава Вікторыя, якая нават і апранулася ў сукенку з беларускай сімволікай. Астатнім удзельнікам конкурсу былі ўручаны дыпломы лаўрэатаў.
Наступны перапынак заінтрыгаваў жыхароў школы тым, што ў руках дзяўчынак з’явіліся... лялькі! І зноў конкурс! Кожная з дзяўчат не толькі распавядала пра сваю любімую ляльку, рыхтавала для яе візітоўку, але і спявала ёй калыханку на беларускай мове.
Завяршыўся беларускамоўны чацвер казкай «Піліпка-сынок», якую дзеці з задавальненнем прагледзелі на вялікім экране. А потым адбыўся цуд! Дар’я Міцягіна, што вучыцца ў 2 «Б» класе, прапанавала ўсім прыняць удзел у пастаноўцы беларускай народнай казкі «Муха-пяюха». Дар’я разам з бацькамі падрыхтавала для дабраахвотнікаў своеасаблівыя лялькі-лыжкі. Ад жадаючых прыняць удзел у казачным тэатры адбою не было!
Вось так паэтычна-песенна-казачна праходзяць чацвяргі ў сярэдняй школе № 28 г.Магілёва! Вельмі прыемна бачыць, як маленькія жыхары нашай любімай краіны, што толькі вучацца размаўляць на роднай мове, з задавальненнем чытаюць на ёй вершы, спяваюць і ставяць спектаклі.
Святлана Грынёва,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце