Такімі словамі пачалося займальнае падарожжа па славутых мясцінах роднага горада для вучняў і настаўнікаў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва».
750 год стаіць Магілёў на Дняпры... Былінны, казачны, гераічны, славуты, сучасны. Ён розны ў велічы легенд і паданняў, асветнікаў і першадрукароў, герояў і перамог, помнікаў і музеяў, цэркваў і касцёлаў, палацаў і тэатраў, заводаў і фабрык, праспектаў і вуліц. Але сёння ўдзельнікі вандроўкі знаёміліся з гісторыяй і сучасным жыццём горада ў незвычайным фармаце. Гэта было віртуальнае падарожжа з выкарыстаннем гульні ў гістарычнае лато.
Шматлікія гістарычныя падзеі, гераічныя мясціны, славутыя імёны сталі нечаканым адкрыццём для рабят. Аказваецца, што першыя беларусы жылі менавіта на тэрыторыі Магілёўшчыны. Выклікаў гордасць за сваіх землякоў і той факт, што ўпершыню падручнік для дзяцей «Буквар» выдаў магілёўскі першадрукар Спірыдон Собаль. Таксама менавіта з Магілёвам звязаны незвычайныя лёсы Льва Сапегі, імператрыцы Кацярыны II, імператараў Пятра I, Мікалая II. Прыемна ўразіла і навіна пра тое, што магілёўцы з’яўляюцца першаадкрывальнікамі стэрэаэфекту.
Адбылося гэта яшчэ ў XVI — пачатку XVIII стагоддзяў. Будынак жа Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, якому ўжо 129 год, — адзіны ў Беларусі тэатральны будынак, які захаваўся ў першасным выглядзе да нашых дзён. А як прываблівае старажытная вуліца Ветраная — сучасная Ленінская! Гэта ж магілёўскі Брадвей, і Арбат, і Манмартр, які заўжды прыветна сустракае жыхароў і гасцей горада.
Таксама рабяты з задавальненнем акрэслілі пяць славутых мясцін горада Магілёва, якія неабходна наведаць кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй і сучаснасцю нашай краіны. Гэта гарадская ратуша, плошча Славы, Свята-Мікольскі сабор, мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», музей «Этнаграфічная беларуская вёска». Прыязджайце, не пашкадуеце! Напрыканцы падарожжа асабліва імпанавала магчымасць выказаць сваю ўлюбёнасць у родныя мясціны з дапамогаю шчырага беларускага слова. Вершы-прысвячэнні гораду Магілёву, якія дэкламавалі і настаўнікі, і вучні, дзівілі шырынёй задумы, глыбінёй думкі, непаўторнай арыгінальнасцю і мяккім лірызмам.
Вось такім нечаканым, яскравым і незабыўным было падарожжа па родным горадзе, якое дало магчымасць не толькі папулярна расказаць пра гісторыю і сучаснае жыццё горада, але зноў і зноў наталіцца адчуваннем еднасці з роднай зямлёй, з родным Магілёвам, каб годна і горда заўсёды казаць: «О Магілёў, мая калыска, жыццё маё, прытулак мой! З гарачаю любоўю нізка схіляюся перад табой!»
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Н.В.Аллянкова