У чацвер, 6 красавіка 2017 года, вучні і настаўнікі дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва» зноў перанесліся ў цудоўны свет гукаў беларускай мовы.
З раніцы настаўнікі і вучні віталіся па-беларуску, і нават малодшыя школьнікі, уваходзячы ў школу, жадалі адзін аднаму «Добрай раніцы».
Акцыя «Чытаем разам, чытаем па-беларуску» на гэты раз звярнула ўвагу вучняў і іх бацькоў на вершаваныя творы Якуба Коласа, 135-годдзе якога мы адзначаем ў гэтым годзе. Вучні 9 «Б» класа раздалі каляровыя флаеры з невялікімі, але вельмі прыгожымі вершамі класіка беларускай літаратуры, пакінуўшы сабе тыя вершы, якія ім найбольш спадабаліся.
А на ўрок беларускай літаратуры ў 6 «Б» клас «зазірнулі» супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі № 4. Яны прапанавалі вучням «павандраваць у гісторыі і літаратуры» на занятку «Славутыя людзі Беларусі». Гэта адзін з урокаў у цыкле «Няма лепшае хаткі, чым у роднае маткі: жыццё і побыт беларусаў». Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі прапанавалі дзецям успомніць Усяслава Чарадзея, Ефрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, з якімі шасцікласнікі знаёміліся на ўроках беларускай літаратуры, расказалі аб тым, якія будынкі пераважалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў старажытнасці, як яны выглядалі звонку і ўнутры. Пазнаёміліся шасцікласнікі і з такімі асобамі як Сімяон Полацкі і Кірыла Тураўскі, з іх укладам у развіццё нацыянальнай літаратуры, культуры і адукацыі.
А наперадзе новы чацвер, і новыя сутрэчы з цікавымі людзмі, якія размаўляюць па-беларуску.
Алена Аляксандраўна Бялясава