Вясна — час аднаўлення, хочацца новых уражанняў, цікавых сустрэч. Калектыў настаўнікаў і вучняў «Сярэдняй школы № 35 г. Магілёва» адправіўся ў вандроўку па Прыбалтыцы.
Першым сустрэў нас Вільнюс. Гістарычны экскурс яшчэ раз упэўніў, што нацыянальнае і культурнае развіццё беларусаў і літоўцаў праходзіла ў адзінай дзяржаўнай прасторы. Віленскі ўніверсітэт, Віленская друкарня Францыска Скарыны, помнік А. Міцкевічу, крыж Кастуся Каліноўскага, рэдакцыя газеты «Наша Ніва» — усё гэта культурная спадчына беларусаў.
Уразілі нас будынкі Віленскага ўніверсітэта. Кожны факультэт мае свае адметнасці, якія пачынаюцца з маленькага дворыка, асаблівага дрэва-сімвала факультэта, уваходных дзвярэй будынка, месца адпачынку студэнтаў.
Наведвалі мы Храм трох святых, капліцу каля Вострай Брамы. Кожны, хто стаяў перад цудатворным лікам Вастрабрамскай іконы, той усё жыццё будзе памятаць гэты вобраз.
Паступова гістарычны Вільнюс змяніўся новымі пабудовамі: утульнымі кавярнямі, маленькімі скверыкамі, фэшэнебельнымі гатэлямі. Але прыкметы сучаснасці не пашкодзілі старому гораду: ва ўсім адчуваецца мастацкі густ, цікавае вырашэнне арт-праектаў.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Грыгор’ева І.Я.