Убачыў грака — вясну сустракай!
19 сакавіка ў бібліятэцы імя Янкі Купалы г. Магілёва пры падтрымцы Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны адбылася святочная паэтычная імпрэза «Сакавіцкі грак», прысвечаная Міжнароднаму дню паэзіі. Ад мала да вяліка сабрала чытальная зала бібліятэкі аматараў паэтычнага слова. Больш за дзве гадзіны вучні чыталі вершы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа і сучасных маладых паэтаў.
Адкрылі імпрэзу юныя чытальнікі: вучаніца беларускамоўнага класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 34 г. Магілёва» Таццяна Тарундзіна, вучаніцы 5 «Г» класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 25 г. Магілёва» Дземідзенка Лізавета і Макаркова Анастасія, якія прачыталі вершы Паўлюка Пранузы «Маміны рукі», Сяргея Брандта «Спачатку было слова» і Людмілы Воранавай «А я — беларуска! І тым ганаруся!».
Наста Падрабінкіна, вучаніца 11 класа МДАЛ № 1, прачытала свае вершы на беларускай, рускай і англійскай мовах. Гучалі вершы на ўкраінскай мове ў выкананні Алены Громавай.
На свяце прысутнічалі вядомыя магілёўскія літаратары: Таццяна Барысік, Тамара Аўсяннікава, Міхась Булавацкі. Іх выступленні выклікалі самыя лепшыя пачуцці і ўражанні. Кожны з прысутных мог пачытаць свае ўласныя вершы ці вершы любімых паэтаў.
Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства былі прадстаўлены 2 кніжныя выставы: «Души прекрасные порывы» і «Залаты россып вершаў». А таксама вучняў запрасілі на невялікую экскурсію па музеі імя Я. Купалы, які знаходзіцца ў самой бібліятэцы.
Такім чынам, да паэтычнага слова дакрануліся ўсе прысутныя. Кожны атрымаў прыемныя эмоцыі і добры настрой. Мы спадзяемся, што творчая сустрэча «Сакавіцкі грак» стане традыцыйнай для вучняў і настаўнікаў нашай школы.
Новікава Алеся Уладзіміраўна,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Сярэдняя школа № 25 г. Магілёва»