Сёння, 21 лютага, з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы вучні, настаўнікі і бацькі дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва» сталі яскравымі і пранікнёнымі творцамі літаратурна-музычнай кампазіцыі «Гучы звонка, годна і нова, беларуская родная мова!»
Сённяшняе свята − гэта сапраўдны росквіт беларускага роднага слова, а таксама дзіцячага таленту, спрыту, кемлівасці і майстэрства. Падчас свята рабяты сур’ёзна і адказна ўжываліся ў вобразы Ф.Скарыны і К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча і Цёткі, цікава і яскрава прэзентавалі факсімільнае выданне Б.А.Тарашкевіча «Беларуская граматыка», шчыра і ўдумліва дэкламавалі вершы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, Я.Янішчыц, Н.Гілевіча, П.Броўкі, М.Мятліцкага, В.Шведа, весела спявалі беларускія народныя песні, гарэзліва вытанцоўвалі «Чабатуху». Не засталіся ўбаку і дарослыя: настаўнікі і бацькі ўпэўнена адказвалі на пытанні гульні-віктарыны «Гавары са мной па-беларуску», сцвярджаючы зноў і зноў неабходнасць ведання і захавання культуры народа — мовы.
Сапраўды, пачуцці і эмоцыі да краёў напоўнілі прастору актавай залы светам, радасцю і дабрынёй. Звонка, годна і нова гучала сёння мілагучнае роднае слова.
Дзякуй табе, матчына мова, за славутую мінуўшчыну, шчаслівую сучаснасць і годны заўтрашні дзень!
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Аллянкова Н.В.