18 лютага 2017 года ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 26 г. Магілёва» прайшло масавае народнае гулянне Стрэчанне.
Вучні шостых класаў пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Супіталёвай Н.К. падрыхтавалі фальклорную інсцэнізацыю сустрэчы зімы і вясны. Зацікаўленых у святкаванні народнага свята сабралася шмат. Вясёлыя сцэнкі з вясковага побыту выклікалі ў гледачоў бадзёры і пазітыўны настрой. Прысутныя дазналіся пра паходжанне свята, гісторыю яго святкавання, магічнае значэнне грамнічнай свечкі. Для святочнага абыходу ўпрыгожылі рознакаляровымі самаробнымі кветачкамі елачку. Яе ўпрыгожвалі, каб хутчэй прыйшла вясна. Вясёлы гурт вучняў з гэтай елачкай выйшлі для забаў на школьны двор, дзе прадоўжылі свята цікавымі гульнямі, карагодамі, танцамі, песнямі-вяснянкамі.
Яркія сцэнічныя касцюмы скамарохаў, артыстычнае выкананне роляў удзельнікамі свята выклікалі сапраўдную зацікаўленасць у гледачоў, звярнулі іх да лепшых нацыянальных традыцый. Праведзенае мерапрыемства дапамагло глыбей зразумець свет нашых продкаў, іх уклад жыцця, духоўную спадчыну, адрадзіць лепшае, захаваць родную культуру.
Кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў
беларускай мовы і літаратуры
Супіталёва Н.К.