У памяшканні Магілёўскай гарадской бібліятэкі вучні 9-х класаў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 25 г. Магілёва» сустракаліся з членамі Саюза беларускіх пісьменнікаў А. Зэкавым, У. Марозам, Г. Ліхтаровічам.
З удзячнасцю вучні слухалі вершы Уладзіміра Вікенцьевіча Мароза «Сум па Францішку Скарыне», «Шыбельная гара», «Пра паўстанне К. Каліноўскага», «Цішыня», яго аповед пра сваю творчую працу як паэта і сцэнарыста-дакументаліста. Анатоль Мікалаевіч Зэкаў зацікавіў маладзёвую аўдыторыю вершам пра каханне «Не пазваню», філасофскімі развагамі ў вершы «Вуліца міру» і, безумоўна, пародыямі. А Георгій Ліхтаровіч, паэт і фотамастак, падарыў некалькі хвілінак гумару і добрага настрою са свайго двухтомніка «Ліхтарыкі».
Дзеці з цікавасцю адказвалі на пытанні паэтаў, і самі іх задавалі.
А напрыканцы сустрэчы ў гасцей была магчымасць набыць кнігі паэтаў, іх новыя зборнікі.
Такія сустрэчы абуджаюць цікавасць да роднай мовы і літаратуры, даюць магчымасць дакрануцца да слова, адчуць смак беларускай мовы.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Сафронава В.А.