Роўна дзевятнаццаць гадоў назад, у 1994 годзе, прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — асноўны Закон, які зацвердзіў суверэнітэт і дэмакратычныя прынцыпы нашай краіны. Абавязак кожнага грамадзяніна Беларусі — і вялікага і маленькага — паважаць Канстытуцыю і строга кіравацца яе палажэннямі.
З мэтай выхавання грамадзянскасці і патрыятызму ў старэйшых школьнікаў 15 сакавіка 2013 года ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 28 г.Магілёва» адбылося свята, прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Юныя грамадзяне ўважліва ўслухоўваліся ў расповед пра нялёгкі лёс сваёй краіны, пра яе доўгі шлях да суверэнітэту.
У сваім выступленні дырэктар школы А.А.Івашнёва падкрэсліла, што сіла нашай дзяржавы ў павазе да слаўнай гісторыі Беларусі, а будучыня краіны ў значнай ступені залежыць ад маладога пакалення.
Як любое свята, Дзень Канстытуцыі не абышоўся без сюрпрызаў! Кожнаму старшакласніку было ўручана падарункавае выданне «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Прыемна было бачыць, з якой цікавасцю вучні гартаюць старонкі гэтай кнігі.
Грынёва С.У., намеснік дыректара па вучэбнай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 28 г.Магілёва»