Цёплая сяброўская сустрэча з харэаграфічным ансамблем «Рунь» ўстановы культуры «Магілёўскі гарадскі Цэнтр культуры і вольнага часу» адбылася 15 снежня. Ансамбль прапанаваў увазе гледачоў новую канцэртную праграму ў межах пацвярджэння звання «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».
«Рунь» — знакаміты ансамбль, яркая зорка на харэаграфічным небасхіле Беларусі. Гісторыя калектыву доўгая, насычаная, поўная высокіх дасягненняў. Ён быў створаны ў студзені 1983 года на базе Магілёўскага вытворчага аб’яднання шаўковых тканін імя ХХV з’езда КПСС.
Кіраўніком ансамбля з’яўляўся яго стваральнік — таленавіты педагог Віктар Папоў. Разам са сваёй жонкай, балетмайстарам калектыву Таццянай Паповай, Віктар Аляксеевіч стварыў моцны харэаграфічны ансамбль, які стаў адным з лепшых танцавальных калектываў краіны.
Эстафету поспеху, творчасці і любові да народнага танца сёння ансамблю перадае знакаміты балетмайстар, выбітны мастацтвазнаўца, педагог — Ала Касінец. Кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь харэаграфічнага ансамбля «Рунь» Юлія Саўчанка — захоплены творчасцю малады педагог, прафесійны танцор і харэограф, якая сабрала вакол сябе зацікаўленых харэаграфічным мастацтвам людзей.
Новыя балетмайстары ансамбля — Кацярына Утыра і Дар’я Аношка. Цалкам абнавіўся і склад калектыву! Абноўлены ансамбль «Рунь», як і раней, гатовы здзіўляць і радаваць сваіх гледачоў, развіваць лепшыя творчыя традыцыі, закладзеныя яго стваральнікам.
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь харэаграфічны ансамбль «Рунь» не спыняецца на дасягнутым. У ансамбля ў планах — новыя дасягненні і перамогі, новыя пастаноўкі і захапляльныя канцэртныя праграмы!
Могилевский городской исполнительный комитет