Вялікае перасяленне

Вялікае перасяленнеПадчас асабістых прыёмаў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміру Даманеўскаму даводзіцца тлумачыць грамадзянам змяненні ў Жыллёвым кодэксе.

Гэтым разам магчымасць падзяліцца набалелым была ў 14 чалавек. Іх праблемы інакш, чым балючымі, не назавеш. Па адным і тым жа пытанні ад імя жыхароў пяці дамоў па вуліцах Заслонава і Будаўнікоў звярнуліся адразу некалькі магіляўчан. Двухпавярховікі, дзе яны жывуць, у свой час здаваліся без выгод. Але людзі атрымлівалі ордэры як на кватэры і здымаліся з чаргі на жыллё. Пытанні ўзніклі пасля таго, як некалькі гадоў таму ў Магілёве «Будтрэст № 12», на балансе якога знаходзяцца гэтыя больш чым паўвекавой даўніны пабудовы, стаў перасяляць жыхароў у інтэрнаты. З тымі, хто быў не згодны, размова ішла праз суд. «Вялікае перасяленне» працягваецца. Сёлета такі лёс напаткаў дом № 29 па вуліцы Заслонава. Жыхары ў роспачы, асабліва тыя, каму ўжо засталося недалёка да пенсіі. Шанцаў пабудаваць уласнае жыллё ў іх няма. Людзі спадзяюцца, што іх дамам будзе нададзены статус жылых. На прыём да губернатара яны прыйшлі з архіўнымі дакументамі, якія пацвярджаюць, што пры будаўніцтве іх дамы мелі такі статус. Вось толькі чамусьці адпаведнай дакументацыі няма ў Будтрэсце. Губернатар даў даручэнне адказным службовым асобам разабрацца з праблемай і праінфармаваць гараджан.

Сужэнцы з Магілёва прыйшлі ў спадзяванні, што ім дапамогуць урэгуляваць сітуацыю з будаўніцтвам іх дома. Праз непрыязныя адносіны з суседам, які таксама будуецца, справа зайшла ў тупік. Як высветлілася, пры праектаванні былі зроблены памылкі, якія пагоршылі становішча заяўнікаў.

Яшчэ для двух магіляўчан падставай для звароту стаў нездавальняючы стан фасада школы № 18 і прылеглай да яе тэрыторыі. Яны лічаць, што лесвіца, якая вядзе да школы, уяўляе небяспеку, бо не мае парэнчаў. А дарогі тут такія, што можна зламаць ногі. Жыхарка вёскі Цішоўка паскардзілася на Магілёўскі райвыканкам, які не прымае мер у дачыненні да яе суседа. Яна бачыць прамую сувязь паміж яго будаўніцтвам і падтапленнем яе падвала. Заяўніца з аграгарадка Рэчкі незадаволена тым, што на вуліцы Ніжняя, дзе яна жыве, дагэтуль няма каналізацыйнай сеткі. Яна сцвярджае, што пытанне будаўніцтва разглядалася не аднойчы і на розных узроўнях. Жанчына спадзяецца, што вуліца ўсё ж такі будзе ўключана ў наступную праграму «Чыстая вада» і грошы на гэта знойдуцца.

Уладзімір Даманеўскі даручыў адпаведным службам яшчэ раз дасканала вывучыць пытанні, якія прагучалі падчас прыёму, і ў кароткія тэрміны прыняць меры па іх вырашэнні. Заяўнікі павінны атрымаць па выніках сваіх зваротаў аргументаваныя адказы.

— Можна канстатаваць, што шэраг пытанняў, якія раней паступалі, страціў сваю актуальнасць, — падвёў вынікі прыёму кіраўнік вобласці. — У гэтым вялікая заслуга гарадскіх службаў, якія шмат чаго робяць па добраўпарадкаванні. Разам з тым застаюцца нявырашанымі праблемы водаправоднага абслугоўвання і водаадвядзення ў індывідуальнай забудове. У першаю чаргу гэта датычыцца Магілёўскага раёна, дзе цяпер актыўна вядзецца будаўніцтва. Другое пытанне, якое сёння падымаецца, забеспячэнне жыллём. Мы не паспяваем праводзіць тлумачальную працу і даводзіць да людзей змяненні ў Жыллёвым заканадаўстве. Людзі звяртаюцца з абгрунтаванымі, на іх погляд, праблемамі, але мы бачым, што яны выходзяць за рамкі дзеючага заканадаўства. Прыходзіцца падчас прыёму тлумачыць, як выйсці з гэтай сітуацыі.

Што датычыцца школ, то мы шмат увагі надаём наяўнасці агароджы вакол адукацыйных устаноў, як таго патрабуе Міністэрства адукацыі, адпаведнай дарожнай разметцы і знакам, каб на шляху школьніка не было пагрозы для яго бяспекі. Некаторыя школы сапраўды патрабуюць капітальнага рамонту фасадаў. Мы абмяркоўвалі гэта яшчэ на пасяджэнні ў гарвыканкаме і вызначылі для сябе, што пры фарміраванні бюджэту на наступны год будзем улічваць прывядзенне іх у парадак. У планах 18-я і 7-я школы ў Магілёве — зоймемся імі ў першую чаргу.

«Звязда»