Свята «Шчадроты восеньскіх святаў» адбудзецца 14 верасня ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы (вул. Першамайская, 10). Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла ва ўстанове культуры.
Па словах суразмоўцаў, гэта ўжо чацвёртая творчая сустрэча ў рамках абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва «Скарбніца Падняпроўя», які ладзіцца для жыхароў Магілеўшчыны на працягу гэтага года. Раней клубныя ўстановы вобласці прадстаўлялі гледачам тэматычныя праграмы паводле абрадаў і святаў зімовага, веснавога і летняга цыклаў народнага календара.
Тэматычнае свята «Шчадроты восеньскіх святаў», якое цалкам прысвечанае восеньскім святам народнага календара, будуць прадстаўляць творчыя калектывы, носьбіты фальклору, майстры народных мастацкіх рамёстваў Слаўгарадскага, Хоцімскага, Чавускага, Чэрыкаўскага, Шклоўскага раёнаў, а таксама Бабруйска і Магілёва.
У 16.30 на пляцоўцы перад будынкам медатычнага цэнтра адкрыецца фальклорная святочная экспазіцыя «У восень да гасцінцаў просім». Тут будуць прадстаўлены вырабы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арганізавана работа тэматычных сялянскіх падворкаў з прысмакамі, гульні, тэматычныя абрады, песні, танцы, ігрышчы, майстар-класы і інш.
У 18.00 у канцэртнай зале «Магілёў» адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленне «Шчадроты восеньскіх святаў» паводле восеньскіх абрадаў і святаў народнага календара.
«У сёняшні імклівы час вельмі важна далучыць, асабліва маладое пакаленне, да багацейшых вытокаў народнай спадчыны, у якой захоўваецца вопыт жыцця і мудрасць нашых продкаў, — падкрэслілі суразмоўцы. — Фестываль фальклорнага мастацтва „Скарбніца Падняпроўя“ ладзіцца з мэтай вывучэння і захавання фальклорных традыцый раёнаў вобласці, знаёмства жыхароў абласнога цэнтра з народнымі звычаямі і традыцыямі беларусаў».
Арганізатарам творчага праекта з’яўляецца ўстанова культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы».