Кніга «Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага друку» з’явілася ў крамах «Магілёўсаюздруку». Каштуе выданне каля 37 беларускіх рублёў, паведамілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.
Дадатковым падарункам для пакупнікоў стане копія гравюры з выявай Магілёва XVIII стагоддзя.
Суразмоўцы нагадалі, што прэзентацыя кнігі адбылася падчас III Нацыянальнага форума «Музеі Беларусі», які праходзіў у абласным цэнтры з 30 верасня па 2 кастрычніка 2016 года.
Выданне прадстаўляе багатую спадчыну магілёўскага кнігадрукара Спірыдона Собаля і яго паслядоўнікаў XVII–XVIII стагоддзяў. Народжаны ў Магілёве, ён стаў найбольш вядомым праваслаўным выдаўцом і друкаром Беларусі першай паловы XVII стагоддзя, распачаўшы кнігавыданне ў Куцейне, Буйнічах і Магілёве. Спірыдон Собаль выдаў першы на землях сучаснай Беларусі “Буквар”. Ён паспяхова развіваў сваю выдавецкую дзейнасць у Кіеве, а таксама наведаў з мэтай арганізацыі выдавецкай справы Маскву.
Ілюстраванае выданне падрыхтавана на беларускай і англійскай мовах. Яно налічвае 248 старонак. Упершыню ў Беларусі ў абагульненым выглядзе пададзены фатаграфіі найбольш значных кніг, якія складаюць феномен магілёўскага друкарства, у першую чаргу, цікавыя старонкі і развароты выданняў, іх вокладкі, тытульныя лісты, а таксама мастацкае афармленне кніг - застаўкі, буквіцы, мініяцюры і г.д. Выданне гарманічна дапаўняе самы поўны на сёння пералік магілёўскіх старадрукаваных кніг XVII–XVIII стагоддзяў, а таксама падрабязная бібліяграфія літаратуры, прысвечанай пытанням беларускага і магілёўскага друкарства. Уражвае і мастацкае афармленне, якое стварыла дызайнер Алена Сітайла.
Праект падрыхтавала выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. У кнізе выкарыстаны матэрыялы Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. Масленікава, Музея гісторыі Магілёва, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У.І. Вярнадскага, Нацыянальнага музея імя А. Шаптыцкага ў Львове, Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, Нацыянальнай бібліятэкі Польшы, Ягелонскай бібліятэкі, бібліятэкі Вільнюскага універсітэта і інш.
“У рабоце над зборам прынялі ўдзел не толькі вядомыя беларускія навукоўцы, але і знакамітыя кнігазнаўцы з Расіі, Украіны і Польшчы, - адзначылі спецыялісты. - Гэта выданне нельга было б ажыццявіць і без дапамогі тых устаноў, якія рупліва зберагаюць кніжную спадчыну магілёўскіх першадрукароў, бо ні ў адным з сучасных кнігазбораў яна не прадстаўлена ў поўным аб’ёме”.
Суразмоўцы подкрэслілі, што ўвага да магілёўскага кнігадрукавання выклікана выключнай роляй, якую яно адыграла ў гісторыі культуры Беларусі, у працэсе этнаканфесійнага развіцця беларускага грамадства. Выдадзеныя на Магілёўшчыне ў XVII-XVIII стагоддзях кнігі з’яўляюцца нацыянальным скарбам і сведкамі багатай мінуўшчыны нашай краіны. Яны патрабуюць глыбокага вывучэння, удасканалення механізмаў іх пошуку, уліку, апісання, захоўвання і выкарыстання.
У выніку неспрыяльных гістарычных абставін, шматлікіх войнаў, паўстанняў, стыхійных бедстваў, уключэнняў беларускіх зямель у склад розных дзяржаўных утварэнняў і іншых прычын у Беларусі захаваліся толькі асобныя фрагменты некалі багацейшага культурнага пласта. Сёння жыхары нашай краіны не маюць магчымасці ўбачыць на сваёй зямлі ўсю разнастайнасць магілёўскіх першадрукаў. І ў самім Магілёве гэтыя каштоўныя кніжныя помнікі амаль адсутнічаюць. Усё гэта абцяжарвае не толькі даследаванне, але і справу папулярызацыі нацыянальных скарбаў.
Супрацоўнікамі бібліятэк, музеяў, навукоўцамі і многімі іншымі зацікаўленымі асобамі робіцца вельмі шмат для вяртання каштоўнасцей на радзіму. Час ад часу магілёўскія выданні знаходзяцца на аўкцыёнах ці ў прыватных калекцыях. Пры падтрымцы замежных калег вядзецца праца па атрыманні лічбавых копій найбольш каштоўных старадрукаў. Імёны многіх друкароў і мастакоў кніжнай гравюры, якія працавалі ў Магілёве, ўсё шырэй уваходзяць у школьныя праграмы, з’яўляюцца на старонках падручнікаў, навуковых манаграфій і перыядычных выданняў, становяцца аб’ектам грунтоўнага навуковага даследавання. Памяць пра іх творчы подзвіг увекавечваецца ў назвах вуліц, на мемарыяльных знаках, памятных дошках, гістарычных будынках. “Толькі сумеснымі намаганнямі мы можам вярнуць нашу агульную спадчыну, зрабіць яе вядомай і даступнай кожнаму. Яна таго заслугоўвае”, - упэўнены суразмоўцы.