III Нацыянальны форум «Музеі Беларусі» пройдзе з 30 верасня па 2 кастрычніка ў Магілёве. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў аргкамітэце мерапрыемства.
У форуме прымуць удзел дзяржаўныя, ведамасныя, грамадскія і школьныя музеі. На яго збяруцца музейныя работнікі і спецыялісты ў галіне музеялогіі і музейных тэхналогій. Тут будуць абмяркоўвацца актуальныя праблемы музейнай дзейнасці і вызначаны перспектыўныя напрамкі развіцця музейнай справы. У якасці гасцей на форум запрошаны эксперты з Расіі, Літвы, Польшчы і іншых краін. А ўзначаліць у гэтым годзе журы конкурснай праграмы дырэктар Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі Зельфіра Трэгулава.
Музеі краіны прадставяць у асноўнай экспазіцыі форуму, якая разгорнецца ў спартыўным комплексе «Алімпіец», свае выстаўкі і новыя праекты, прэзентуюць сучасныя інтэрактыўныя і лічбавыя тэхналогіі. Не выпадкова за аснову выбраны і дэвіз форуму «Разбураючы стэрэатыпы, пераадольваючы кансерватызм».
Асобна будзе выдзелена тэрыторыя дзелавой праграмы форуму, на якой у фармаце круглага стала пройдуць лекцыі, дыскусіі, трэнінгі і майстар-класы з удзелам вядомых прафесіяналаў у сферы музеялогіі і музейнай дзейнасці. Такім чынам, форум прадаставіць унікальную магчымасць для беларускай музейнай грамадскасці правесці шэраг прафесійных сустрэч і абмяняцца вопытам. Тут будзе працаваць і спецыяльная тэхнічная пляцоўка, на якой кампаніі, што працуюць у сферы музейных індустрый, прадставяць сваю прадукцыю.
Магіляўчане таксама рыхтуюць для гасцей форуму маштабную экскурсійную і канцэртную праграму. У дні правядзення мерапрыемства перад спартыўным комплексам «Алімпіец» разгорне работу Горад майстроў. Па выніках форуму будуць вызначаны лепшыя музейныя ўстановы краіны ў конкурснай праграме па намінацыях. Лепшых музейных работнікаў і калектывы ўзнагародзяць спецыяльнымі прэміямі.