Акунуцца ў падзеі Першай сусветнай вайны можна ў Магілёўскім мастацкім музеі імя Масленікава

Акунуцца ў падзеі Першай сусветнай вайны можна ў Магілёўскім мастацкім музеі імя МасленікаваНа палотнах героі Першай сусветнай вайны, закранутыя чорным крылом агульнай бяды. Удзельнікі пленэра міжнароднага культурна-асветніцкага праекта грамадскага аб’яднання «Беларускі зялёны крыж» і Мінкультуры «Пераклічка стагоддзяў: Першая сусветная вайна і сусвет сёння» ўвасобілі ў гэтых работах свае ўяўленні пра падзеі стагадовай даўніны. І іх творы сапраўды кранаюць сэрца. Перад вачыма своеасаблівы дыптых. Знізу, на зямлі — пастаральны пейзаж з дзяўчынай і юнаком на ўзгорку, зверху, у небе — калючы дрот і змораныя хлопцы з суровымі тварамі і аўтаматамі наперавес. Той страшны сусвет нібы навіс над такім нетрывалым мірным і цісне на яго са злавеснай сілай.

— Мы пабывалі ў мясцінах, праз якія праходзіла лінія руска-нямецкага фронту — Вілейцы, Смаргоні, Крэве, іншых гарадах, — расказвае мастацкі кіраўнік пленэра Дзмітрый Пухоўскі. — Адбылося шмат розных сустрэч, экскурсій на тэму мінулай вайны. І вельмі запомніўся факт, які расказаў гісторык са Смаргоні. На іх тэрыторыі засталося шмат нямецкіх дотаў, і неяк на месцы аднаго з іх дзеці расклалі вогнішча і падарваліся. Потым знайшлі снарады Першай сусветнай, завезлі іх у кар’ер і ўзарвалі. У паветры паплыў нейкі незразумелы дым. І адразу ўспомнілася, што пад Смаргонню немцы неаднаразова рабілі газавыя атакі. Пасля іх яны ішлі з дубцамі, на канцах якіх знаходзіліся шыпы (так званыя «моргэн штэрн» — ранішняя зорка), і дабівалі салдат.

Праект, які закліканы ўзгадаць пра мінулыя трагічныя падзеі, аб’яднаў творчых людзей з Беларусі, Расіі, Украіны. Адметна, што ўдзел у пленэры прымалі як ужо масцітыя мастакі, так і пачаткоўцы. Моладзь мела магчымасць пераняць вопыт у старэйшых і зразумець, чаму так важна ў сваёй рабоце не сказіць праўду пра вайну. Шмат чаго цікавага яны пачулі падчас працы ў Магілёве, горадзе, дзе ў гады Першай сусветнай знаходзілася Стаўка апошняга цара Расійскай імперыі Мікалая ІІ.

— Наколькі важныя такія праекты, як гэты? Яны ж тычацца падзей даўно мінулых дзён... — цікаўлюся ў Дзмітрыя Пухоўскага.

— Ведаеце, адзін з нямецкіх военачальнікаў пасля паразы Германіі ў Першай сусветнай вайне сказаў з надзеяй на рэванш: «Мы яшчэ вернемся сюды гадоў праз 20». Менавіта столькі часу трэба, каб вырасла новае пакаленне. Той, хто бачыў жахі вайны, ніколі не возьмецца за зброю. А вось маладыя, калі іх правільна ідэалагічна апрацаваць, пойдуць ваяваць. Таму выхаванне маладога пакалення, вяртанне яго ў мінулы час — наша першасная задача. Нельга дапусціць разрыву з гісторыяй.

Нэлі Зігуля,"Звязда"