Магілёўскі старшыня вулічнага камітэта — пра нюансы грамадскай работы

На месцы былога сметніка з'явіліся шматпавярховікі.Віталь Гардзееў сябруе з «МС» ужо даўно. Некалькі разоў на старонках выдання падымаліся ініцыяваныя ім вострыя тэмы, якія доўгі час не вырашаліся на мясцовым узроўні. І змены адбываліся. Нядаўна Віталь Гардзееў патэлефанаваў у карпункт і зноў запрасіў у госці. Заінтрыгаваў, што ёсць дзве навіны — добрая і дрэнная.

Добрая навіна

Два гады таму прынцыповы вулічкам прасігналізаваў, што на «нічыёй» тэрыторыі арганізавана несанкцыянаваная звалка. І гэта побач з цэнтральнай вуліцай горада. Карэспандэнт выехала на месца, і факт пацвердзіўся. Звалка пасля публікацыі ў газеце была прыбраная, а вось сёлета на гэтым месцы паявілася некалькі жылых шматпавярховікаў.

— Вось бачыце, які добры вынік атрымаўся, — радуецца Віталь Фёдаравіч. — І вы вельмі нам дапамаглі. Зараз я збіраю подпісы людзей, якія разам са мной выказваюць удзячнасць усім, хто застаўся неабыякавы да нашых зваротаў. Вам у рэдакцыю таксама дашлю.

На месцы былога сметніка з'явіліся шматпавярховікі.

На месцы былога сметніка з'явіліся шматпавярховікі

Пакуль мы глядзелі, як шчыруюць на апрацоўцы фасадаў будаўнікі, Віталь Фёдаравіч паспеў падзякаваць усім тым, хто калісьці стварыў нешта добрае для яго мікразоны № 5, якую ў народзе называюць Чапаеўка. Прыватны сектар знаходзіцца паміж дзвюма галоўнымі аўтамагістралямі горада — вуліцамі Крупскай і Першамайскай. Тут усё ўперамешку — катэджы і сціплыя дамкі, гаспадары і неахайныя жыхары, цывілізацыя і амаль поўная яе адсутнасць. Праблем хапае, і рашаюцца яны з пераменным поспехам. Асабліва вулічкам хваліў былога старшыню Магілёўскага гарсавета Андрэя Кіблова, які шмат увагі аддаваў стану дарог. Цяпер былы старшыня ўзначальвае абласное камунальнае ведамства, і Гардзееў яго болей не турбуе. Гэта ж зусім іншы ўзровень. Добрым словам згадаў мой спадарожнік і дырэктара камунальнага прадпрыемства «Гарсвятло» Аляксандра Пашкевіча, зрабіўшы акцэнт на тым, што ліхтары на вуліцах Краснадарскай і Валгаградскай таксама мяняліся пры садзейнічанні нашага выдання.

— Вельмі прыемна, калі на нашы звароты рэагуюць, нешта робяць, каб выправіць становішча, — кажа суразмоўнік. — Але, на жаль, гэта робяць не ўсе. Таму так важна адзначыць лепшых. Хай іншыя на іх раўняюцца.

Навіна дрэнная

Па меры таго, як мы паглыбляліся ў прыватны сектар, тон прадстаўніка мясцовага самакіравання станавіўся ўсё больш крытычны і суровы.

— Ну і куды гэта варта? — абураўся ён, паказваючы на яму з вадой у самым пачатку вуліцы Валгаградскай. — Няўжо цяжка яе засыпаць. Або вось гэтая каляіна. Яна ўтварылася, калі пракладвалі кабель. Тут бардзюр быў, цяпер няма. Колькі разоў прасіў зрабіць, як было, не пачулі. Усё завалілі абы-як і кінулі. А ў адказе напісалі, што ўсё добра. Цяпер машыны крыху ўтрамбавалі, а было зусім не па-гаспадарску.

Хутка ўчастак ператворыцца ў сметнік.

Хутка ўчастак ператворыцца ў сметнік

Вулічкам паспявае і падзякаваць за тое, што вуліцу падсыпалі, і пасварыцца, што ніхто пасля гэтага не хоча глядзець за яе станам. Перажывае, што не можа дабіцца толку.

Тры гады таму цэнтральную вуліцу мікразоны Валгаградскую засыпалі асфальтагранулятам. Зараз зноў дзірка на дзірцы. Хутка ў такім стане будзе і Адэская, якую падлаталі летась.

— Як можна па такіх ямках пускаць грэйдар? — не разумее актывіст. — Дастаткова адзін раз пакласці асфальт і забыцца пра вуліцу на доўгі час. Кожны год латаць на дарозе дзіркі атрымліваецца даражэй. На Падніколлі, дзе таксама прыватны сектар, асфальт паклалі, чым мы горшыя?

Праходзім міма вуліцы Краснадарскай. Відаць, што там рабілі ямачны рамонт. У Гардзеева ёсць прэтэнзіі да якасці, але «мірыцца можна», лічыць ён, і мы ідзём далей. Дарэчы, вузкая тратуарная сцежка, па якой крочым, таксама вынік клопату няўрымслівага старшыні вулічнага камітэта і яго рэгулярных зваротаў у камунальныя службы.

Камень спатыкання

Дакладней яма з вялікай лужынай у Нафтавым завулку. Калісьці ў планах гарадскіх камунальных службаў быў намер зрабіць вадасцёк, але грошай не знайшлося. Можна было б засыпаць асфальтагранулятам, але куды вадзе дзявацца. Яна будзе пералівацца ў чыйсьці агарод. «Такое рашэнне нам не патрэбна», — кажа Віталь Гардзееў. Але і мірыцца з такім становішчам не вельмі хочацца. Атрымліваецца, што без вадасцёку ніяк.

Акрамя дарожных дзірак на мікразоне ёсць і іншыя праблемы. Напрыклад, неахайная нерухомасць, якую спадчыннікі не жадаюць даглядаць, аўтахлам, што стаіць гадамі каля некаторых двароў, непрыбраныя прыдамавыя тэрыторыі. У Нафтавым завулку вулічкам налічыў ажно чатыры аўто, якія стаяць самотныя па некалькі гадоў запар.

Ніякай крытыкі не вытрымлівае і дом № 8 у гэтым жа завулку. Агароджа нахілілася, брамка амаль на зямлі ляжыць. Вунь ужо і прыступкі ў дом пачалі разбурацца, а вакол сухое пустазелле.

— Гаспадары тут не жывуць, а суседзі пачынаюць зносіць смецце, — абураецца Віталь Фёдаравіч. — Па адным доме на Валгаградскай наогул быў скандал. Там такі сметнік утварылі, страшна ўспомніць. Я званіў ва ўсе званы, прыцягваў увагу, як мог. Сметнік прыбралі, але ж напаўразбураны дом застаўся. І ўсе разумеюць, што парадак там часовы. А такіх дамоў па нашай мікразоне, напэўна, шэсць або сем.

Прынцыповасць вулічкама на мікразоне не ўсім падабаецца. Па законе кожны павінен даглядаць яшчэ і частку тэрыторыі за сваёй агароджай. Але некаторыя гэта правіла ігнаруюць. І напорыстасць галоўнага па вуліцы іх толькі злуе. На свавольных Гардзееў выклікае праваахоўнікаў. І тады справа вырашаецца хутчэй. Хоць, часам, непрыемны прысмак застаецца.

— Па сутнасці, кантрольныя органы павінны мяне падтрымліваць, але часам узнікаюць непаразуменні, — уздыхае суразмоўнік. — Аднойчы на мяне нават «наехалі»: што табе больш за іншых трэба? Пакуль свае «корачкі» старшыні мікразоны не паказаў, нават не хацелі рэагаваць. Было вельмі крыўдна. Калі ёсць закон, яго павінны выконваць усе.

Каментарый у тэму

Таццяна Грышанава, член каардынацыйнага савета па грамадскім тэрытарыяльным самакіраванні адміністрацыі Ленінскага раёна:

— На тэрыторыі раёна створана 45 вулічных камітэтаў. Самыя актыўныя вулічкамы — у мікрараёнах Чапаеўка, Падгорная, Ямніца, на вуліцы Садовая, на Юбілейным... Менавіта неабыякавыя людзі прысвячаюць грамадскаму жыццю шмат асабістага часу. Як правіла, гэта тыя, хто знаходзіцца на пенсіі. Канструктыўныя прапановы заўсёды вітаюцца, мы іх чакаем і бяром пад увагу. Усё, што ў нашых сілах, робім. Такія людзі патрэбны, бо яны паведамляюць пра тыя праблемы, якія існуюць у мікразонах.

Можна было б нават дадаць больш паўнамоцтваў старшыням вулічных камітэтаў. Пакуль яны маюць права вырашаць грамадскія праблемы ў рамках закона аб зваротах грамадзян, але можна было б дазволіць ім з некаторымі пытаннямі разбірацца самастойна. Трэба было б спрасціць і рэгістрацыю органаў грамадскага самакіравання. Магчыма, было б больш ініцыятыўных грамадзян, якія вырашалі б праблемы ў маштабах сваёй тэрыторыі. Без капітальных укладанняў, вядома, не абысціся, але мы павінны разумець, што гэта і наша адказнасць. А тыя, хто выступае з прэтэнзіяй — «дайце мне, а мы вам нічым не абавязаныя», — павінны нарэшце зразумець, што даўно ўжо ніхто нікому нічога не павінен. Мы самі павінны падтрымліваць парадак там, дзе жывём. Гэта наша асабістая адказнасць.

zviazda.by