Кнігу «Беларускі тэатр 1920-30-х: адабраная памяць» Андрэя Масквіна прэзентуюць падчас тэатральнага форума «M@rt.кантакт-2017» у Магілёве

Кнігу «Беларускі тэатр 1920-30-х: адабраная памяць» Андрэя Масквіна прэзентуюць падчас тэатральнага форума «M@rt.кантакт-2017» у Магілёве Кнігу «Беларускі тэатр 1920-30-х: адабраная памяць» Андрэя Масквіна прэзентуюць 27 сакавіка на малай сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Мерапрыемства адбудзецца ў апошні дзень XII Міжнароднага моладзевага тэатральнага форума «M.@rt.кантакт-2017», паведамілі карэспандэнту сайта ва ўстанове культуры.

Па словах суразмоўцаў, прадставіць выданне, прысвечанае станаўленню беларускага прафесійнага тэатра ў 1920-я гады і працэсу рэпрэсій у 1930-я, ахвярамі якіх стала вялікая колькасць дзеячаў беларускага тэатра, сам аўтар — Андрэй Масквін.

«Кніга для нашага кантэксту ўнікальная, — адзначылі спецыялісты. — Гэта першае выданне, у якім не проста здзейснена спроба рэканструкцыі беларускага тэатра перыяду яго прафесійнага станаўлення. Тут упершыню паўстае шмат імёнаў і падзей, якія ў савецкі перыяд былі выкрасленыя з нашай культурнай памяці. Крок па кроку аўтар аднаўляе падзеі той пары і звяртаецца да дадзеных, што доўгія часы былі недаступныя для даследчыкаў. Такім чынам Андрэй Масквін вяртае беларускаму тэатру ягоную памяць і гісторыю».

Беларускі пераклад кнігі «Беларускі тэатр 1920-30-х. Адабраная памяць» выйшаў у лістападзе 2016 года ў выдавецтве «ЛогвінаЎ». Над перакладам тэксту працавалі Марыя Пушкіна і Алена Пятровіч. Рэдактаркамі сталі Таццяна Арцімовіч і Алена Мальчэўская. Карэктурай займалася Лідзія Наліўка, вёрсткай — Мак Разанаў. Дызайн распрацоўвала Кацярына Пікярэня.

Андрэй Масквін — доктар філалагічных навук, дацэнт Варшаўскага ўніверсітэта. Супрацоўнік Кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Выпускнік Кафедры славянскай філалогіі МДУ (1986 г.). Выкладаў ва ўніверсітэтах Расіі (Краснаярск, Санкт-Пецярбург), Чэхіі (Пльзень) ды Італіі (Бэргама). Аўтар шматлікіх публікацый па пытаннях мастацтва, тэатру і кіно. Займаецца праблемамі славянскай драматургіі і тэатру. Папулярызуе беларускую драматургію за мяжой (у прыватнасці ў Польшчы). Жыве ў Варшаве. Часта ўваходзіў у склад прафесійнага журы Міжнароднага моладзевага тэатральнага форума «M.@rt.кантакт».